
«Ну, што, падругі? У етым міры большэ нечыва лавіць».
«Шыбуюць куры ў край далёкі», – напісаў бы, напэўна, класік беларускай літаратуры Якуб Колас сёння, калі б даведаўся пра здарэнне ў вёсцы Мажджаліна. Дзесяць курэй, якія належаць пенсіянерцы Агапе Францаўне Кутлоўскай, пасвіліся сённяшнім перадабедзенным часам на вясковай вуліцы каля падворка гаспадыні.
Пажывы для іх там асаблівай не было, пеўняў суседскіх не назіралася, суседскі кот Жыгімонт адпускаў на іх адрас непаліткарэктныя жарты, накшталт: «Курыца – не птушка. Вып’ем з гора! Гдзе жа кружка?!». Усе гэтыя акалічнасці прымусілі курачак пакрыўдзіцца.
Каля суседскага дома стаяла машына гасцей з украінскімі нумарамі. Скручваць нумары куры не ўзяліся, а вось gps-навігатар з салона легкавіка яны ўсё ж звініцілі. Найстарэйшая з курачак заявіла паплечніцам, што «ў етым міры большэ нечыва лавіць» і прапанавала зляцець у вырай. Куры ўключылі мазгі ды крылы і вырашылі ляцець. Наяўнасць gps-навігатара адыграла ў гэтым значную ролю.
Калі чарада курэй паляцела над вёскай, беручы курс на поўдзень, сведкі гэтага відовішча плакалі ад прыступу восеньскай меланхоліі. Застаецца, толькі цешыцца, што лірычны сентыментальны настрой яшчэ ўласцівы многіх нашым землякам. А красці gps-навігатары кепска. Нават, калі ты курыца, здольная ўключаць мозг і крылы.