Чаму разышліся жыццёвыя шляхі Васіля і Ганны?

Чаму разышліся жыццёвыя шляхі Васіля і Ганны?

Гісторыя Васіля і Ганны такая, што наша журналістка не здолела ўтрымаць слязу

Існуе меркаванне, што ў вёсцы ўсе ведаюць адзін аднаго. Аднак гэтае, нібыта правіла, даволі часта не спрацоўвае ў Мажджаліне. Праўда, наша вёска не такая ўжо і маленькая, але ўсё ж. Дзень таму ў Мажджаліне пазнаёміліся пяцідзесяцігадовыя Васіль Арол і Ганна Бялова (у дзявоцтве – Бялуха). Адзін працуе загадчыкам складу на мехдвары, другая загадвае школьнай бібліятэкай. Як магло стацца, што равеснікі ўраджэнцы адной вёскі здолелі пазнаёміцца толькі праз пяцьдзясят гадоў?

Высвятляецца, што ў маленстве Васіль і Ганна жылі на розных ускрайках вёскі. Падрастаючы, яны бавіліся выключна ў сваіх кампаніях сяброў па вуліцы. Малым хапала пацех у сваіх частках вёскі. У пошуках прыгод на свае падспінні яны рэдка калі даходзілі да сярэдзіны Мажджаліны. А ўжо пра супрацьлеглы край і гаворкі не вялося.

Калі Васілю і Ганне споўнілася сем гадоў, у іх быў шанец нарэшце сустрэцца і пазнаёміцца. У такім узросце дзяцей тады аддавалі ў школу. А паколькі школа ў Маждажліне толькі адна, то хлопчык і дзяўчынка павінны былі немінуча сустрэцца ў яе сценах. Магчыма, яно б так і адбылося, калі б не пэўныя абставіны.

За некалькі дзён да першага верасня малы Арол наважыўся на паход праз усю вёску, каб пабачыць, ці на другім яе канцы людзі ё. Яму ўдалося без сяброў дайсці амаль да вуліцы, дзе жыла Бялуха. Ён нават убачыў гэтую прыгожую бялявую дзяўчынку і, нарваўшы кветак, пайшоў да яе. Бо быў смелым, а дзяўчынка яму спадабалася.

Дарогу яму загарадзілі нейкія зараснікі. Але мужны басаногі хлопчык, не звяртаючы ўвагі, пайшоў праз іх. Пайшоў і атрымаў жудасныя апёкі, аж да пухіроў. Перашкодай былі зараснікі сумнавядомага баршчэўніка.

Нехта з дарослых падхапіў мальца і аднёс у медпункт. Прыгожая бялявая дзяўчынка атарапела глядзела ўслед. Жыццёвыя шляхі Васіля і Ганны разышліся. Хлопчыка шпіталізавалі і ў школу ён тым годам не пайшоў. Праз год старая мажджалінская школа згарэла ад лясных пажараў, што перакінуліся з тарфянікаў, падпаленых Жыжалем. Бацькі мусілі аддаваць дзяцей у розныя малакамплектныя школы суседніх, але не такіх і блізкіх вёсак. У другі клас Ганна пайшла ў вёску Чмыхавічы. У свой першы клас Васіль пайшоў у вёску Малыя Кулевічы. Калі ж у Мажджаліне адбудавалі новую школу, дзеці паспелі стаць падлеткамі. Ганна перайшла давучвацца ў родную вёску. А вось Васіль застаўся ў малакулевіцкай школе, бо ўжо меў там на прыкмеце дзеўку.

Усё сваё далейшае жыццё яны ніяк не маглі перасекчыся, нават будучы зусім побач. Васіль у тэхнікум. Ганна ў 9-10 класы. Ганна ў педвучылішча. Васіль у войска. Ганна замуж за мажджалінца. Васіль бярэ за жонку тую самую дзеўку з Малых Кулевічаў. Ганна застаецца ў Мажджаліне і працуе ў школе. Васіль на доўгі час атабарваецца на жончынай радзіме, працуючы ўсё адно ў роднай вёсцы…

Калі малакулевіцкую школу зачынілі, і дзеці Васіля былі пераведзены ў мажджалінскую, ён часцяком іх падвозіў на трактары да школьнага ганку. Але так і ніводнага разу Ганны не бачыў. Нават пасля вяртання ў родную хату пасля смерці бацькоў. Пазней жа таксама хапала рознага кшталту перашкод. І вось зараз яны нарэшце пазнаёміліся.

Адбылося гэта ў школьнай бібліятэцы, дзверы якой адчынены для ўсіх ахвочых і ўлетку. Васіль Арол, настальгуючы па дзіцячых гадах, захацеў пачытаць якую-небудзь прыгодніцкую кніжку і пажадана на беларускай мове. Ганна прапанавала Васілю раман. Той збянтэжыўся, бо не зразумеў, што бібліятэкарка мела на ўвазе. Яна патлумачылася. Ён усміхнуўся. Так і пазнаёміліся.

Мы сочым за развіццём падзей. Застаецца толькі цешыцца, што ў нас хапае на гэта сіл і трафіку, а ў нашых хостэраў спагады да нас.