
Адмарозкаў хапае і ў іншых кутках Еўропы
У вёсцы Мажджаліна сёння чакаліся першыя істотныя замаразкі ад 0 да мінус чатырох градусаў. Аднак насуперак усім прагнозам а чацвёртай гадзіны раніцы сюды завіталі адмарозкі з нявысветленым тэмпературным рэжымам і каэфіцыентам IQ.
З’яўленне адмарозкаў зафіксавалі метэаролагі-аматары Антось Капыцька і Настасся Кыркота, якім тады не спалася а таксама дзед Барыс Рагвалодавіч Каменеў, які збіраўся той парой гнаць самагонку. Адмарозкі дзейнічалі выбарачна. Ваду ў калодзежах пакрылі ледзяной коркай, а ў ручаі Шмыга – не. Шэрані на машыну і іншую тэхніку накідалі, а на пажоўклую траву – не. На шыбцы хаты слесара Арцёма Зухвальчанкі яны намалявалі традыцыйныя квяцістыя ўзоры, а на шыбку ў вакне даяркі Серафімы Кудраўскай нанеслі копію “Чорнага квадрата” Казіміра Малевіча.
Зрэшты, запомняцца гэтыя адмарозкі вяскоўцам з іншай прычыны. Рэчы у тым, што яны застудзілі анамальны ружовы туман (ці туманнасць), што трэці тыдзень ахутваў сабой Мажджаліну. Анамалія пакрыўдзілася і знікла ў невядомым напрамку. Сівая кабыла, якую да гэтага ледзь заўважалі ў тумане, насамрэч была чырвоным канём. Адзін з адмарозкаў нават рызыкнуў пакупаць яго ў тутэйшым ручаі. У выніку, хто каго купаў і ці купаў увогуле, невядома.
Застаецца толькі цешыцца, што ліха без дабра не бывае.