Беларускія вяскоўцы ледзь не ўсынавілі расійскага футбольнага балельшчыка

Беларускія вяскоўцы ледзь не ўсынавілі расійскага футбольнага балельшчыка

Недзе тут быў і Накацігарошак

Пажылыя жыхары вёскі Мажджаліна Ксеня Антонаўна і Арцемій Хведаравіч Рубальчанкі падабралі ўчора на ўскрайку Чорнага Лесу непрытомнага хлопца. Ён увесь час трызніў: “Сирота я, сиротинушка… Накати! Горюшко мне”, з чаго старыя зрабілі досыць пэўныя высновы, што маладзён сапраўды сірата.

Між тым ні жонка, і муж не звярнулі ўвагі ні на асаблівасці вымовы, ні на экіпіроўку знайдзёна. Яны вырашылі тэрмінова яго ўсынавіць, бо даўно марылі завесці дзіця. Пастанавіўшы назваць дзецюка Накацігарошкам, старыя рушылі ў сельсавет. Туды ж прыцягнулі і непрытомніка. У сельсавеце ім сказалі, што не маюць адпаведнай заканадаўчай базы для ўчынення такой працэдуры, як усынаўленне непрытомнага расійскага футбольнага балельшчыка. Працаўнікі сельсавета ў адрозненні ад Рубальчанак футбол па тэлевізару глядзяць і за спадарожнымі падзеямі сочаць. Таму і без праблем распазналі, каго муж з жонкай сабраліся ўсынаўляць.

Урэшце высветлілася, што балельшчык вяртаўся з “Еўра-2012” у Расію і дарогаю згубіўся, бо занадта моцна заліваў спіртусовым горыч вылету расійскай зборнай з чэмпіянату. Алег Карчагін, як насамрэч завуць знайдзёна, вельмі ўдзячны старым за клопат. Ён падарыў ім свой балельшчыцкі шалік і на папутках паехаў на Далёкі Усход. Рубальчанкі стараюцца не бедаваць – можа яшчэ кагось знойдуць. Сапраўдная жыццёвая мудрасць.