Беларускі вясковец узяў у звычку прыкурваць ад маланкі

Начныя дажджы з навальніцамі, якія часцяком здараюцца апошнімі тыднямі на Гомельшчыне, людзі ўспрымаюць па-рознаму. Так, жыхар вёскі Мажджаліна Пятро Асадчы без памяці задаволены імі, бо навальніцы далі яму магчымасць зэканоміць на запалках ці запальнічках.

Беларускі вясковец узяў у звычку прыкурваць ад маланкі

Адна з галінак маланкі ляціць у двора да спадара Асадчага. Дзве другія папросту сачкуюць.

Рэч у тым, што Пятро заядлы курыльшчык. За ноч ён можа скурыць да паловы пачка цыгарэтаў. І вось адной з навальнічных начэй ён прылаўчыўся падкурваць ад маланкі. “Спачатку мне было страшна, а потым наступіла прасвятленне”, – пракаментаваў ён нашаму сайту. Цяпер штоноч, калі здараецца навальніца, спадар Асадчы не баіцца выходзіць на двор, выцягваць руку з цыгарэтай і пытаць: “Аганьку не знойдзецца?”. Маланка стабільна падпальвае кончык кожнай чарговай ягонай цыгарэты.

Выпадковыя сведкі гэткіх падкурванняў дагэтуль знаходзяцца ў трансе. “Трасца, ну чаму маланка вырашыла дапамагаць акурат яму, а не мне? Я ж такі харошы хлопец”, – наракае яго сусед Амельян Вядзёрка. “Харошым хлопцам апошні раз ты ў сорак сёмым быў”, – папраўляе з іншага пакою яго жонка Леакадзія.

Спадзяемся, што спрэчкі паміж суседзямі не перарастуць у лакальны канфлікт, а таксама нагадваем, што курыць шкодна. Зрэшты, Пятро Асадчы сцвярджае, што цыгарэта прыкураная да маланкі становіцца зусім бясшкоднай. Так нараджаецца новая міфалогія.