
Ідэалізаваны партрэт мажджалінскага матыля
Матыль Пятрусь з вёскі Мажджаліна, даведаўшыся пра папулярную інтэпрэтацыю тэорыі хаосу, адмовіўся махаць крыламі.
“Я заляцеў у адчыненае акно сельскай бібліятэкі і сеў на старонку разгорнутай кнігі, – расказвае Пятрусь. – Там я прачытаў, што нават такая дробязь, як трымценне крылаў матыля, можа выклікаць тайфун у іншым канцы свету. Хацеў спачатку абурыцца, што трымценне матылёвых крылаў назвалі дробяззю. Але потым спужаўся, што магу выклікаць няўзнак тарнада ў Арызоне ці ў Гандурасе, і пастанавіў не махаць сваімі крыламі”.
Рашэнне матыля Петруся – вельмі рэдкая, калі не цалкам унікальная з’ява. Прынамсі, герой сённяшняга дня ўжо папрасіў абвясціць сябе першым пешым матылём. Мы пацікавіліся, што ён будзе рабіць, калі сусветная энтамалагічная грамадскасць дасць яму такі статус. “Буду есці капусту і чытаць Набокава”, – паведаміў нашаму сайту матыль. Нам застаецца толькі пажадаць яму доўгага і плённага лета.