Беларуская вёска: фокусы замест бокса

Беларуская вёска: фокусы замест бокса

Афінаген Калэмут-Пякарскі, як бы кажа: «У нас тут свая атмосфэра»

Аматары бокса з вёскі Мажджаліна, якія наведаліся ў тутэйшы клуб на фэст “Мэйджык бокс”, дужа расчараваліся. Па-першае, пачатак фэсту зацягнуўся, ажно самыя нецярплівыя сталі тупаць, фукаць і крычаць: “Не цягніце ката за яйцы!”. Па-другое, замест чаканых баксёрскіх паядынкаў усіх чакала выступленне фокусніка Афінагена Калэмут-Пякарскага, які выцягваў зайчыкаў з капелюша і спрабаваў развесяліць неўразумелую публіку.

Вяскоўцы сталі абурацца і хацелі нават набіць выступоўцу ў каршэль. Аднак класічны нумар з распілаваннем жанчыны, да якога была прыцягнутая сварлівая цешча аднаго з гледачоў, разняволіў атмасферу і зрабіў яе амаль што сяброўскай. Нечаканыя авацыі сабраў і нумар, калі фокуснік з доўгай скрыні выцягнуў за прычыннае месца ката.

Зялёныя ў знак пратэсту спрабавалі пакінуць клуб, але памянёны кот, між іншым, чорнае шэрсці, перабег ім дарогу, і яны не адважыліся ступіць далей. За гэта некаторыя гледачы абвінавацілі іх у расізме.

Вось-вось узаемныя прыдзіркі маглі перарасці ў аматарскі бокс з правілаў. Але фокуснік запрасіў усіх на двор і паказаў нумар, у выніку якога знік трактар разам з задрамалым там механізатарам Тарасам Бураком. І “жалезны конь”, і яго наезнік зараз знаходзяцца ў вышуку, а фокуснік дае паказанні.

Многія лічаць гэта спланаванай загадзя піяр-акцыяй, бо наперадзе ў яго вялікі тур па гарадах і вёсках вобласці. Спадзяемся, што і Тураў ён са сваім штукарствам не абміне.