
Апошняя аватарка спадара Окама, якую ён змясціў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. На пытанні, якія яму адпраўляюць праз гэтую сацыяльную сетку, ён ужо цэлы месяц нічога не адказвае
Спецаперацыя, якую супольнымі намаганнямі праводзілі пагранічнікі, мытнікі і органы Міністэрства ўнутраных спраў, займела першы добры плён. У вёсачцы Рукіўгоравічы, што недалёка ад нашай легендарнай Мажджаліны, выкрыты склад невядомых кантрабандыстаў. Там знаходзілася асабліва буйная партыя брытваў Окама.
Як паведамляюць крыніцы вартыя даверу, партыя складавалася ў адной з гаспадарчых пабудоў, якая дужа нагадвае банальны куратнік. Гаспадыня пабудовы Інтыфада Адольфаўна Ібаруры заявіла: «Етае барахло не маё. І як яно сюды папала, я не знаю і знаць не хачу. Брытва Окама кажаце? Дык еты ваш распракрасны Окам прыйдзе і забярэ сваё дабро. Куратнік для курэй. А брытва мне без патрэбы. Дык навошта множыць новыя сушанасці?».
Органы працуюць над высвятленнем абставін. Словы гаспадыні правяраюцца дзясяткам запрошаных да справы спецыялістаў з інстытутаў мовазнаўства, філасофіі, Смаргонскага ўніверсітэта і Гомельскага каледжа мастацтваў імя Нестара Сакалоўскага.
Зварот да самога Окама з просьбай забраць свае брытвы пакуль не знайшоў належнага адказу. Следчыя лічаць, што ўладальнік брытваў зараз падарожнічае па свеце і не можа зняць трубку тэлефона ў сваёй мінскай кватэры. Іншых варыянтаў звязацца з ім няма. А справа ж сур’ёзная, бо партыя брытваў каштуе пад мільярд беларускіх рублёў у старых цэнах. Сувязь Окама з кантрабандыстамі правяраецца. Застаецца толькі цешыцца, што ёсць такая партыя.