Бухгалтарка птушкафабрыкі забыла выключыць дурачку і сарвала працу сваёй установы

Паэтызацыя красы прыроды, кахання

Серафіма Кручоная з патэнцыйным жаніхом

25-цігадовая бухгалтарка мажджалінскай птушкафабрыкі «Ласкавае кураня» Серафіма Кручоная сарвала сёння працу сваёй роднай установы.

Прыехаўшы зранку ў бухгалтэрыю, яна раптам успомніла, што забыла дома выключыць дурачку. Жыве яна ў вёсцы Трындалавічы Загуляйскія. А гэта няблізкі свет, таму проста збегаць дадому і вырашыць балючую праблему немагчыма. З іншага боку, з уключанай дурачкай Серафіма не змагла толкам ні адпрасіцца з работы, ні добра папрацаваць. Уся дакументацыя, што праходзіла праз бухгалтарку сёння, проста падвісала ў цяжкім ступары.

Праўда, ёсць у гэтага здарэння і станоўчыя моманты. З уключанай дурачкай Кручоная спадабалася некалькім патэнцыйным і выгодным жаніхам. Маладая жанчына ўжо падумвае, а ці варта дурачку выключаць увогуле. Кіраўніцтва бухгалтэрыі супраць ці проста да часу ламаецца.

Застаецца толькі цешыцца, што нават з кепскай раскладкі рэчаў жыхары Мажджалінскага краю здольныя адшукаць пазітыў.