Бог кахання Марс. Чытаць урывак + Дзе купіць? + Падзеі, водгукі і інш.

Сяргей Балахонаў. Бог кахання Марс

5 чэрвеня 2020 г. стартаваў продаж рамана Сяргея Балахонава “Бог кахання Марс” (Мінск, «Выдавец А.М.Янушкевіч», 2020).

Анатацыя
Недалёкая будучыня. Знайшоўшы на археалагічных раскопках у легендарных Юравічах ідал боства кахання, гомельскі даследчык старажытнасцей Ягор Руткоўскі неўзабаве зведвае і цяжка перажывае невытлумачальны разрыў з каханай. Неўтаймоўная вера ў наканаванасць быць разам з ёю штурхае навукоўца на розныя дзівацтвы — ад літаратурных і музычна-спеўных практыкаванняў да палёту на Марс. Кожнае дзівацтва даецца ў знакі здарэннямі, скандаламі і таямнічымі праявамі ледзь не да скруту галавы. За хісткае марсіянскае шчасце даводзіцца штодзень змагацца, адольваючы шматлікія выпрабаванні без пэўнасці вяртання на Зямлю, дзе лютуе эпідэмія сіндрому татальнай адзіноты.

Кнігу можна набыць у выдавецтве:

спасылка для афармлення набытку на сайце выдаўца.

Фрагмент рамана “Бог кахання Марс”
Як там з навукай кахання? Пакахаліся — сышліся. Не склеілася — разбегліся. Даўно наладжаны алгарытм, якому сёння не замінаюць ані царкоўныя настаўленні, ані феадальны гаспадарчы інтарэс. Аднак дагэтуль знаходзяцца людзі, якія незнарок трапляюць у пастку — пякучую пятлю моманту, калі ўзаемнасць з таго боку раптоўна абрываецца, а яны ў бессэнсоўным імпэце ўсё намагаюцца яе сашчапіць ці склеіць. 


Гэта рыхтык пра Ягора. Сказаць, што ён успрыняў такі абрыў хваравіта, — усё адно што жартаўлівы матыў на дудачцы прасвістаць. Да часу расстання з каханай яны бавіліся разам амаль год. Суцэльная ўзаемнасць. Паравозік шчасця, кахання і пяшчоты, што адправіўся з сонечнага Рамонкава, узбіўся на прамяністую радыяльную каляіну, каб, як здавалася, не спыняцца ніколі. У рэчаіснасці такім Рамонкавам сталі старажытныя Юравічы. Там, на археалагічных раскопках, усё і пачалося. 


Кіраваць раскопкамі Ягору Руткоўскаму было няпроста. Такі-сякі досвед ён меў, але ж і год ад году розніўся. Калі адны выпраўляліся ў той куток Гомельшчыны на покліч сэрца, то многіх іншых вяло жаданне добрых адзнак у залікоўках і магчымасць заслужыць лаяльнасць не самага ліберальнага выкладчыка. Існавала і трэцяя група, якая складалася з валанцёраў, падахвочаных абяцаннямі гучных адкрыццяў. 


Звычайна адкрыцці не былі гучнымі. Але тады год расшчодрыўся на вынятак: пад канец сезона ў адным з пластоў знайшлі істотны фрагмент ідала з біўня маманта. Знаходка ўнікальная. І для Беларусі, і для ўсёй Усходняй Еўропы. Нябесныя апекуны айчыннай археалогіі падбалі на славу. Пабочным эфектам іх дбанняў, відаць, стала і асабістае адкрыццё адной з валанцёрак. На раскопкі яе проста за руку прывяла аднагрупніца — сяброўка па хімічным факультэце. «Потым будзеш, Марына, дзякаваць», — пераконвала сяброўка. 
Марына Гваздовіч спачатку не ведала, за што яна мусіць складаць падзякі. Хлопцаў у археалагічным летніку назбіралася не пад яе густ. Кіраўнік здаваўся занадта самаўпэўненым і цвердалобым. Цешыла толькі надзея раскапаць сапраўды нешта адметнае. Думку пра кіраўніка яна з цягам часу перамяніла. Тое, што на першы погляд успрымалася як самаўпэўненасць, было азнакаю прафесійнага стаўлення да справы. Цвердалобасць жа была ўсяго толькі маскай, якую змушана напінаў на сябе педагог, каб не згубіць кантроль над, як ён сам казаў, чамярвой учарашніх школьнікаў. І калі раптам праз мур адпрэчвання валанцёрка лавіла ў словах Ягора Сяргеевіча цікавы досціп ці небанальныя развагі як пра археалогію з гісторыяй, так і пра само жыццё, ёй займала дыханне, быццам ад моцнага павеву ветру. Яна не палохалася. Адчувала, што вецер вабіць яе не ў пагібельную прорву, а на парог новых важных адкрыццяў. Руткоўскі старанна рабіў выгляд, быццам ніякіх вятрыскаў не заўважае. І чым болей ён стараўся, тым мацней вабіла дзяўчыну да памянёнага парога. 


Месяцамі пазней яны блыталіся ва ўспамінах, прыпісваючы адно аднаму першынство ў пяшчотных усмешках і ласкавых позірках. А тады, у тое чароўнае, поўнае спадзяванняў лета, усё адбывалася само сабой. Знаходзіліся артэфакты. Разгараліся пачуцці. І калі аднойчы, вяртаючыся пасля ўтомнай дзённай працы да намётавага лагера, Марына раптам накінула Ягору на галаву рамонкавы вянок, ён нават не здзівіўся. Хіба толькі самую капку. Ухапіў дзівосніцу за далонь і замест пытанняў моўчкі засыпаў яе ўсмешлівымі яскаркамі сваіх вачэй. Поўніцай абяззброіў. «Паровозик-облачко вдаль бежит, качается», — аднекуль з вёскі ляцела песня, зліваючыся з гукамі падэспаня, які маладыя капачы развучвалі ў летніку. 


«Аксамітны летні вечар». Пятніца. Тыдзень да заканчэння раскопак. Студэнты і валанцёры пасля вячэры распачалі культурную праграму з агучвання «Ночы жывых мерцвякоў» Джорджа Рамэра. Фільм, выключыўшы гук, запусцілі праз праектар на нацягнутую між яблынь прасціну і па ролях камічна агучвалі дзею, абыгрываючы археалогію і любоўныя серыялы. Руткоўскі колькі разоў выбухаў нястрымным смехам. Гваздовіч як аўтарка часткі выбуховых рэплік крадком пазірала на яго. Пасля фільма пачалася гітара. «Это лето не вернуть уже», — перабіраючы струны, надрывалася адна са студэнтак. Вырываючы шанец у лета, Ягор пакінуў лагер на сябра з універсітэта транспарту і ціха пакрочыў да возера Ліцвін. Доўга чакаць Марыну не давялося… 

Чытаць працяг фрагмента

 
 
 
 
 
Переглянути цей допис в Instagram
 
 
 
 
 
 
 
 
 

📚Сяргей Балахонаў “Бог кахання Марс” (2020 г.), 4/5. #прочитановиюне 📚 ⠀ Калі запытваюць, чаго мне не хапае ў беларускай літаратуры, то адказваю, што фантастыкі і дэтэктываў. Так званая “жанравая” літаратура ў нас сапраўды распрацаваная не так моцна, таму я чакаю выхаду кожнай кнігі, як свята. Дарэчы, можна параіць маладым літаратарам звярнуць увагу менавіта на гэтыя, не вельмі занятыя нішы ў нашай літаратуры 😏 ⠀ Новы раман Сяргея Балахонава — гімн дзвюм вельмі аддаленым адна ад адной кропкам: роднаму Гомелю і загадкаваму Марсу. Але пачынаецца ўсё ў Юравічах, дзе Ягор Руткоўскі, выкладчык і даследчык старажытнасцей, раскопвае ідал боства кахання. Знаходка аказваецца вельмі важнай для міжнароднай гістарычнай супольнасці і натхняе мужчыну на напісанне кнігі “50 граняў юравіцкага” (тонкая адсылка для знаўцаў 😏). Кнігу заўважаюць і ганаруюць прэміяй Гедройца, а яе аўтар раптоўна аказваецца ў цэнтры ўвагі. Жыві ды радуйся, займайся любімай справай, але Ягору не дае спакою раптоўны разрыў з каханай Марынай. ⠀ Не дарэмна ж каханне вынесенае ў загаловак. Значная частка кнігі — перажыванні закаханага мужчыны, які не збіраецца так проста адмаўляцца ад сваёй жанчыны, хоць яна і пабралася шлюбам з іншым, да таго ж з’язджае з краіны. ⠀ У сусветнай літаратуры ўзнік трэнд на развянчанне стэрэатыпаў пра “моцнага” мужчыну, які хавае свае эмоцыі. Мужчыны ў такіх творах шмат рэфлексуюць, пераасэнсоўваюць сваё жыццё і паказваюць, што яны таксама могуць быць слабымі, безабароннымі і поўным пачуццяў. Такі і Ягор, герой Балахонава. Праўда, гэтых пачуццяў і перажыванняў галоўнага героя для мяне было зашмат, што паўплывала на выніковую адзнаку кнігі. ⠀ Раман складаецца з двух часавых пластоў: падзеі першага адбываюцца ў недалёкай будучыні на Зямлі, а другі — гэта марсіянская частка, у якой Ягор з Марынай раптоўна аказваюцца на Чырвонай планеце. “Яны ж рассталіся?” — разгублена спытаеце вы. Аказваецца, гэта яшчэ больш далёкая будучыня, і цяпер чытачам трэба разабрацца ў гэтай складанай храналогіі і зразумець, якім чынам героі трапілі на Марс. Аўтар чаргуе главы з Зямлі з марсіянскімі главамі. ⬇️⬇️⬇️

Допис, поширений Наста, 26 г., Belarus, Minsk (@bookvajed)

Агляд рамана ў падкасце “БелЛіт”