Без ста гадоў на разгадку


1.
Гледачы не маглі стрымацца ад узрушаных крыкаў, падтрымліваючы сваіх фаварытак у заплыве вольным стылем на тысячу пяцьсот метраў. Пераважную большасць заўзятараў складалі не проста аматары гэтага віду спорту, а так ці інакш знаёмыя з удзельніцамі спаборніцтваў. Таму глядацкая ўзрушанасць дасягала вельмі высокага градусу. Плыўчыхі імкліва рухаліся па дарожках басейна. Ці не кожная з іх разлічвала на перамогу. Але ўжо неўзабаве пасля старту сярод іх вызначыліся рэальныя прэтэндэнткі на першая месца. З трыбунаў грымелі акурат два імені: Света і Насця. Яны здолелі пайсці ў адрыў ад сваіх суперніц. Плылі, не адстаючы адна ад адной і яўна не збіраючыся саступаць. Тое, што трыбуны равуць, яны чулі. Але для іх гэта гучала толькі, як водгулле накшталт далёкага рэха. Прэтэндэнткі на перамогу былі засяроджаныя на заплыве, намагаючыся не зважаць на воклічы прыхільнікаў. Нават найменшая ўвага звернутая не ў той бок магла фатальна адбіцца на выніках спаборніцтва.

І вось апошнія сто метраў. Напружанне ўзрастала. Крыкі гледачоў не сціхалі. Света і Насця па-ранейшаму плылі ўпоравень. Здавалася, што толькі нейкі цуд зможа раптоўным чынам змяніць гэтае становішча. Але цуду не адбылося – дзяўчаты фінішавалі амаль адначасна. Для высвятлення рэальнага пераможцы суддзі мусілі звяртацца да здымкаў фотафінішу. І пакуль трыбуны наўзахват выгуквалі імёны стомленых і крыху збянтэжаных дзяўчат, суддзям даводзілася вырашаць, хто ж з дзвюх плыўчых атрымае першае месца. Урэшце праз рэпрадуктары было абвешчана, што пераможцам спаборніцтва стала Святлана Даброўская. Гледачы прывіталі яе бурнымі авацыямі. Дзяўчына радасна ўсміхнулася, выкрыкнула “дзякуй” і памахала рукой прыхільнікам. Яе суперніца тым часам пачувалася вельмі ніякавата. Так, яна заняла другое месца. Прычына для радасці, здаецца, і была. Аднак усмешка на твары Насці Навіцкай (такім было прозвішча другой прэтэндэнткі на перамогу) выглядала нейкай скамечанай, не дужа натуральнай. Дый адкуль тут узяцца натуральнасці, калі да пераможнага месца плыўчысе не хапіла ўсяго некалькі сотых долі секунды! Да таго ж было вядома, што па выніках спаборніцтваў на прэстыжны турнір у Нямеччыне паедзе толькі заваёўніца першага месца. Крыўдна да слёз. Насця, тым не менш, старалася стрымаць позыў да плачу. У той жа час Света на слёзы не скупілася. Але ж, ведама, гэта былі слёзы радасці.

Плыўчыха

Спаборніцтвы закончыліся. Неўзабаве плыўчыхі выйшлі на вуліцу. Большасць гледачоў паспела разбрысціся па сваіх справах. І толькі лічаныя адзінкі чакалі сваіх фаварытак. Даброўская, усміхаючыся, выйшла з будынку басейна. Яе ўсмешка заззяла яшчэ больш, калі дзяўчына згледзела свайго хлопца. Той стаяў непадалёк ад выхаду з вялікім букетам ружаў. “Вунь твой Арцём. Шанцуе ж табе, Светка”, – без пільнай патрэбы заўважыла адна з плыўчых. У голасе адчуваліся мала прыхаваныя ноткі зайздрасці. Света пакрочыла насустрач хлопцу. Той пяшчотна глядзеў на яе, ловячы кожны рух. З яго твару не знікала цёплая ўсмешка. Праз пару-другую імгненняў вусны дзяўчыны і яе сябра з’ядналіся ў непрацяглым, але жарсным пацалунку. Гэта не засталося па-за ўвагай іншых дзяўчат. “Воў-воў, каханачкі, лягчэй трохі”, – паўжартам выгукнуў нехта з іх. Групка выбухнула задзірыстым смехам, хваля якога міжволі накрыла і рамантычную пару. “Зайздросці моўчкі!” – кінула ў адказ пераможца, трымаючыся жартаўлівага тону. Хлопец ніяк на гэты абмен рэплікамі не адрэагаваў. Ён павіншаваў сваю дзяўчыну з пераможным першым месцам і ўручыў ёй кветкі. Тая ласкава абняла яго, але праз секунду яе чамусь перасмыкнула, і яна рэзка адхінулася.

– Што здарылася? – не разумеючы прычын для гэтага, спытаў Арцём.
– Нічога. Але… – збянтэжана прамармытала дзяўчына.
– Што значыць “але”? – не сунімаўся яе сябар.
– Мне здалося, што нехта за намі назірае з боку, – патлумачыла яна.
– Ну, гэта цалкам магчыма, – усміхнуўся ён. – Нехта з тваіх таварышак ці, можа, які балельшчык заглядзеўся.
– Магчыма, – згодна хітнула галавой яна. – Аднак я адчула сябе вельмі няўтульна. Было такое адчуванне, нібыта мяне няшчадна свідруюць поглядам.

Яны разам разгледзеліся на ўсе бакі. Нічога падазронага не прыкмячалася. Калі нехта і сапраўды кінуў на іх кепскім вокам, то ён паспеў сысці. Зрэшты, назіраць маглі і з вокнаў найбліжэйшага да басейна шматпавярховіка. Не жадаючы працягваць разважаць на гэтую тэму, пара вырашыла не заставацца больш на месцы і рушыла на аўтобусны прыпынак.
У дарозе Свету прыспела тэлефанаванне. Званіў яе тата. Ад сябе і да мамы павіншаваў з перамогай, адразу ж патлумачыўшы, што пра гэта пачулі ў навінах мясцовай радыёстанцыі. Адначасова ён выказаў шкадаванне па тым, што не давялося асабіста прысутнічаць на даччыным трыумфе. Ён разам з жонкай акурат збіраўся ў паездку. Меркавалі на пару дзён з’ехаць у Вільню, каб вырашыць там пэўныя бізнес-пытанні, а заадно і трошкі развеяцца. Даведаўшыся, што дачушка ідзе не адна, тата не прамінуў запрасіць Арцёма ў госці. Каго-каго, а Цёму ў сям’і Даброўскіх ведалі даўно, давяралі яму і ўспрымалі няйнакш як будучага зяця. Такая думка задавальняла ўсіх. Хаця сам хлопец іншым разам саромеўся гэтага даверу.

Як толькі пара з’явілася ў кватэры Даброўскіх, мама Светы паспяшала накрыць на стол. Чарговыя віншаванні па-свойску перапляліся з зычаннямі “Смачна есці!”. Дзеці, а толькі так іх тут і называлі, паглыналі смачны чырвоны боршч і слухалі, што ім кажуць дарослыя. Тыя ўжо былі гатовыя да ад’езду і аддавалі апошнія наказы. Паводзіць сябе прыстойна. Не забываць харчавацца. І ўсё такое гэтакае. Потым Свеціны бацькі замоўклі, замілавана паглядзелі на дзяцей і пачалі развітвацца, просячы не праводзіць. Тата нахіліўся да Арцёма і нешта прашаптаў яму на вуха. Хлопец міжволі пачырванеў, ажно па колеру мог скласці канкурэнцыю згаданаму баршчу. Дзяўчына гэта заўважыла і пачала ўсміхацца. Тата і мама даўно ведалі, што паміж іх дачкою і яе сябрам нешта большае, чым проста дружба. Але “стары” пры нагодзе не мог устрымацца ад спакусы, каб не казаць лішні раз Арцёму некалькі слоўцаў наконт таго, што сам блазнавата называў “блізкімі кантактамі трэцяй ступені”. Вось і цяпер паўтарылася тая самая гісторыя. Хлопец сцвярджальна хітнуў на прашаптанае. Мужчына пахлопаў яго па плячы. Пасля кароткага развітання “радакі” сышлі. Дзяўчына і яе сябар хвілін пяць сядзелі за сталом, думаючы, ці варта пераходзіць да катлет з макаронай. Урэшце перамагло зусім іншае жаданне.

2.
Наступным ранкам спяшацца не было куды. Субота ёсць субота. А па суботах Света трэніровак не мела. Арцёму ж трэба было ісці на трэніроўку па баскетболу. Але гэта яшчэ толькі ўдзень. Здавалася, што ў гэтай пары блізкіх сяброў мелася дастаткова шмат часу, каб пабыць разам. Дзяўчына паводзілася так, як мусіла б сябе паводзіць клапатлівая закаханая гаспадыня. На сняданак яна згатавала амлет з сырам, падсмажыла тосты, зрабіла кавы з малаком. Сябар, калі б і не любіў чагось з гэтага, усё адно б аблізаў пальчыкі. За ноч добра згаладаўся. Дый крыўдзіць каханую дзяўчыну ніяк не жадаў.

Праглынуўшы сняданак, з кубкамі недапітай яшчэ кавы хлопец і дзяўчына скіраваліся да кампутара. Света зайшла ў інтэрнэт і пасунула клавіятуру да Арцёма.

– Давай, Казімірчык, адчыняй “кантакцік”, – прамовіла яна, называючы хлопца па прозвішчы.

Той пасміхнуўся, перайшоў на адпаведную старонку вядомай сацыяльнай сеткі і ўвёў належныя дадзеныя, каб увайсці ў сістэму.

– Зараз мы пабачым, колькі табе дзевак тут панапісвала ды фотачак “налайкала”, – жартаўліва заўважыла Даброўская, пазіраючы на манітор.
– Ой, ды ўсе ведаюць, што мы з табой сустракаемся, дык даўно перасталі і пісаць, і “лайкаць”. Хіба толькі па справах якіх могуць звярнуцца. А так не, – з усмешкай адрэагаваў баскетбаліст.

І сапраўды на ягонай старонцы панавала поўная цішыня. Ніводнага новага паведамлення. Ніводнага каментара на сцяне. Ніводнага новага “лайка” ў фотаальбомах. Хлопец пераможна зірнуў на сяброўку і сказаў:

– А вось у цябе там зараз будзе “стопяццот” паведамленняў, куча “коментаў”, дый “лайкаў”, як дроў у лесе.
– Ну, што ўжо зробіш, – сціпла адказала тая, цягнучы клавіятуру на сябе.

Арцём меў рацыю. Але збольшага толькі таму, што Свеце на яе старонку прыйшло шмат віншаванняў з нагоды перамогі ў спаборніцтвах. Праўда, сярод прыватных паведамленняў знайшліся і два, на якія баскетбаліст звярнуў асаблівую ўвагу.

– Зноў табе дарослыя мужыкі пішуць? – стараючыся казаць бадзёра, спытаўся ён, хаця ўнутры ўжо кіпеў.
– Ай, кінь ты раўнаваць! – гулліва выгукнула плыўчыха і злёгку тыцнула яго кулачком у плячо.

Ён зрабіў выгляд, быццам пажартаваў. Святлана ўзялася чытаць паведамленні ад тых, каго каханы назваў дарослымі мужыкамі. Папраўдзе аднаму было 30, а другому 25 гадоў. Першы – яе настаўнік гісторыі. Другі – фатограф, з якім пазнаёмілася ў сацыяльнай сетцы. Яна патлумачыла гэта Арцёму.

– І што пішуць? – стрымана ўдакладніў ён, каб крый божа зноў не засведчыць перад дзяўчынай сваю рэўнасць.
– Гісторык турбуецца, што я шмат прапусціла, – стала пераказваць змест паведамлення яна. – Пытаецца, ці не маю сёння часу і жадання, каб адпрацаваць хаця б пару параграфаў. Ён клёвы дзядзька. З разуменнем ставіцца да вучнёўскіх праблем. Так… Факультатыў сёння з гадзіны да дзвюх. Можа, і сапраўды падыйсці?
– Як сабе хочаш. Але ты наўрад ці зараз здолееш дзве тэмы вывучыць, – скептычна прамовіў сябар.
– Ну, там пабачым, – як нічога ніякага выдала Света, пераходзячы да паведамлення ад фатографа.

Той прапаноўваў ёй зладзіць фатасесію у яго хатняй студыі. Да таго ж у самы бліжэйшы час. Гэта напружыла Арцёма. Сяброўка ведала фатографа ўсяго пару тыдняў і толькі завочна. Ніколі не бачыла яго жыўцом. Агульных знаёмых, якія маглі б нешта расказаць пра яго, у іх не было. Хлопец падцягнуў клавіятуру ў свой бок, перайшоў на старонку фатографа і адразу ж саркастычна чмыхнуў.

– Нікас Сулімаў? Гэта яго так сапраўды завуць? – удакладніў ён у дзяўчыны.
– А бог яго ведае, – паціснула яна плячыма. – Здаецца, што на ўсіх здымках, што ён выкладае ў сябе на старонцы, стаіць акурат такі подпіс.
Казімірчык паспяшаўся зайсці ў фотаальбомы Сулімава. Стаў наўздагад адкрываць некаторыя з іх і хуценька пераглядаць змешчаныя там фатаграфіі. Звонку было цяжка зразумець, што так турбавала хлопца. Урэшце ён выдаў заўвагу:

– Нешта ў яго мадэлькі ўсе аднатыпныя. Падобныя між сабой.

Даброўская паматляла галавой, даючы зразумець, што яна асабіста не ў курсе гэтага і нават ніколі не задумвалася. Сябар жа насамрэч толькі бегла пазіраў на твары сфатаграфаваных Нікасам дзяўчат. Яго заклапочанасць палягала ў іншым – ён спрабаваў высветліць, ці не робіць фатограф адмысловых фотасесій у жанры ню. Аднак, колькі яму ні давялося пераглядзець альбомаў (і пры гэтым удаваць абыякавасць!), усе адлюстраваныя на здымках мадэлі былі апранутымі.

– Ну, дык ты пойдзеш да яго? – закрываючы чарговы выпадковы альбом, удакладніў Арцём.
– Хочацца схадзіць, – зусім па-дзіцячы вымавіла дзяўчына. – Ён хоць нармальныя фоткі зробіць. А то што ў мяне тут…

Усё выглядала на тое, што ў дзяўчыны яшчэ не мінула эйфарыя ад перамогі на спаборніцтвах, якая перапляталася са зразумелым дзявочым жаданнем пакрасавацца. Пагатоў, работы фатографа выглядалі прафесійна, і можна было чакаць выразных, насычаных эмоцыямі, здымкаў.

Сеціва

– Ясна, – як мага больш нейтральна адрэагаваў баскетбаліст і тут жа дадаў яшчэ адно пытанне: – А да гісторыка таксама пойдзеш? Ён, дарэчы, зараз онлайн з тэлефона.
– Напішы, што я прыйду а трынаццатай гадзіне, каб проста пагаманіць, – каб даць сябру лішні раз адчуць сябе гаспадаром становішча і збіць чарговую кепска прыхаваную хвалю рэўнасці, папрасіла Света.

Ён так і зрабіў, сапраўды адчуўшы ад гэтага пэўную палёгку. Настаўнік адказаў вельмі хутка, напісаўшы: “Прыходзь. Буду чакаць”. Дзяўчына ўсміхнулася, быццам не проста прачытала адказ, а ўбачыла перад сабой настаўніка. Арцём скасавурыўся на яе і задаў чарговыя пытанні, нібыта ад пустое цікаўнасці:

– Як яго хаця б завуць, гэта твайго клёвага дзядзьку? І чаму ён падпісаны як “Horacio Oliveira”?
– Ён Віктар Андрэевіч. А нік сабе ўзяў па імені героя свайго любімага рамана, – растлумачыла плыўчыха і зноў, нібы няўзнак адзначыла: – Ён сапраўды клёвы. Увойдзе ў становішча.

Апошняя фраза кальнула хлопца, і ён нават збіраўся на гэта кінуць нешта з’едлівае. Але сяброўка, своечасова адчуўшы гэта, прыгарнула яго да сябе і закрыла яму рот пацалункам.

Пацалунак прыкметна разняволіў атмасферу. Толькі пасля гэтага Даброўская адказала фатографу. Пагадзілася на фотасесію, напісаўшы, што можа завітаць да яго сёння ж пасля чатырнаццаці гадзін. Той неўзабаве кінуў ёй свой хатні адрас і спасылку на “гугл мапс” з дакладнымі каардынатамі яго дома. Выявілася, што гэта катэдж, які мясціўся ў прыватным сектары за пяць прыпынкаў ад школы. На спадарожнікавых здымках картаў “гугл мапс” можна было разгледзець нават дахоўку, якой быў укрыты яго дом. Дзяўчына адказала, што ўсё зразумела, і разам з тым на радасць свайго хлопца выставіла ўмову: ніякіх здымкаў з “галізной” ці нават намёкаў на іх. Сулімаў запэўніў, што шануе закон, што не стаў бы прасіць нічога падобнага ў непаўналетняй дзяўчыны і бла-бла-бла. Давялося паверыць яму на слова.

– Я заеду туды пасля трэніроўкі і забяру цябе, – не прапанаваў, а паставіў сяброўку перад фактам Арцём. – Спадзяюся, вы ўправіцеся там да пяці вечара.
– Я так сама на гэта спадзяюся, – у чарговы раз усміхнулася Света. – Зараз напішу яму, што ты пад’едзеш.
– Ай, не трэба, – запратэставаў хлопец. – Абыдзецца пан Нікас без тваіх лішніх справаздач.
– Які ж ты ўсё-ткі раўнівы, – не хаваючы ўсмешкі, паўшчувала яго дзяўчына.

Плыўчыха закрыла старонку сацыяльнай сеткі, устала з крэсла і кранулася рукой да рукі свайго любага баскетбаліста. Той таксама падняўся са свайго нацепленага месцейка.

– Ведаеш, – какетліва шаптала дзяўчына. – І да майго факультатыву, і да тваёй трэніроўкі яшчэ ёсць час. А гэта значыць, што мы можам…

Яна не змагла дагаварыць, бо яе прабіў гук мабільнага тэлефона. Званіла Насця Навіцкая. Света адразу ж прыняла выклік і ўжо на мігі патлумачыла хлопцу, з кім яна зараз мае размаўляць. Учорашняя суперніца прасіла сустрэцца. Арцём, пачуўшы гэта, прашаптаў: “Ды адпраў ты яе к чорту. Што ёй там яшчэ трэба?”. Але сяброўка адмахнулася ад ягоных словаў. Яна выслухала нешматслоўную канкурэнтку і пагадзілася на сустрэчу з ёй, хаця тая толкам не патлумачыла прычыну для сустрэчы. Сустрэцца запланавалі каля школы. Але дакладны час не прызначылі. Навіцкая яшчэ не ведала, калі ёй будзе зручней – да гадзіны ці пасля дзвюх. Дамовіліся, што яна патэлефануе Даброўскай у раёне полудня і ўдакладніць неабходныя моманты. “Ты толькі ўлічы, што я доўга не змагу з табой размаўляць”, – папярэдзіла пераможца учорашніх спаборніцтваў. Насця сказала, што не бачыць у гэтым праблемы.

Калі гутарка скончылася, Казімірчык стаў папікаць сяброўку за тое, што пагадзілася на гэтую сустрэчу. Ён быў перакананы, што не да чаго добрага яна не прывядзе. Казаў, што размова канкурэнтак абавязкова перарасце ў сварку на глебе спрэчкі пра вынік учорашніх спаборніцтваў. Даброўская паабяцала, што сваркі не дапусціць, і пацягнула хлопца да сябе.

3.
Па дарозе на трэніроўку Арцём толькі і думаў, што пра свае адносіны са Светай. Сустракацца пачалі яшчэ тады, калі абодва вучыліся ў дзявятым класе. Мінула ўжо больш за два гады. Здавалася, што за такі час можна было расставіць і ўсе кропкі над “і”, і пры жаданні нават птушкі над “у нескладовым”. Ува многім яно так і было. Падлеткавая закаханасць перарасла ў палкае юначае каханне. І з першага погляду ўсё выглядала вельмі добра. Толькі парасткі рэўнасці з боку хлопца іншым разам за імгненне ператвараліся ў сапраўдную дуброву. Так, дзяўчына вельмі хутка утаймоўвала прыступы яго рэўнасці, але само пытанне нябачна прысутнічала ў іх дачыненнях.

Думкі пра рэўнасць і спадарожныя ёй рэчы зніклі ў самым пачатку трэніроўкі. Трэнер пашыхтаваў хлапцоў і абвясціў задачу на сёння, адразу адзначыўшы, што час трэніроўкі хвілін на трыццаць зацягнецца. Праз колькі дзён павінен быў адбыцца нечарговы таварыскі матч з расіянамі, і трэнеру хацелася трохі падшліфаваць гульню сваіх выхаванцаў. Казімірчык злёгку захваляваўся – было зразумела, што не зможа забраць сяброўку ад фатографа ва ўмоўлены час. Але развіцца гэтаму хваляванню не было калі. Пачалася размінка. Баскетбалісты камбінавалі розныя віды бегу – бег з захлістам, скрыжаваны бег. Рабілі паскарэнні. Потым былі практыкаванні на расцяжку. Каманда сядала на падлозе ў кола, выцягваючы пэўныя групы цягліц. Хто рукі цягнуў, хто ногі. Потым мяняліся. Рабілі гэта вельмі зладжана.

Баскетбол

Пасля размінкі юнакі прыступілі да практыкаванняў з мячамі. Практыкаваліся ў вядзенні мяча правай і левай рукамі, трэніраваліся ў валоданні дзвюма мячамі, пераводах мяча пад нагой, за спінай. Адпрацоўвалі кідкі, у тым ліку штрафныя і трохачковыя. Арцём па трохачковых кідках выявіўся найбольш выніковым, заслужана атрымаўшы мянушку Снайпер. Добрыя вынікі цешылі хлопцава самалюбства. Настрой добра прыўзняўся. Працаваць у пары, робячы так званыя “абгульванні”, было ўжо значна прасцей. Разам з самым падрыхтаваным таварышам па камандзе – капітанам – Казімірчык рухаўся ад аднаго краю залы да супрацьлеглага кальца. Падчас руху хлопцы рабілі перадачы адзін аднаму, а ўрэшце і атакі на кальцо. Пазней каманда падзялілася на тройкі, якія зноў жа адпрацоўвалі перадачы, але па значна больш складанай схеме з элементамі эстафеты. Гэта вымагала гранічнай уважлівасці. Думаць пра нешта яшчэ, апроч уласна трэніроўкі, папросту не выпадала. Хаця цень нядаўніх думак усё яшчэ трымцеў у галавае. Калі ж пачалося шліфаванне гульнявых стратэгій і камбінацый, за якім пайшла ўласна гульня на два кальцы, ад таго ценю і найменшага знаку не засталося.

Трэніроўка атрымалася добрай і насычанай. Трэнер падзякаваў хлапцам, і тыя пацягнуліся ў распранальню. Арцём імгненна згадаў пра сваё спазненне і вырашыў патэлефанаваць Свеце, думаючы, што на яго мабільніку будуць прапушчаныя званкі ад яе. Прапушчаных званкоў не было. Хлопец таропка выбраў нумар Даброўскай у спісе нядаўніх тэлефанаванняў і пачуў са слухаўкі толькі тое, што абанент недасяжны. Такі паварот яго крыху ўзрушыў. Ён паспешліва прыняў душ, пераапрануўся, яшчэ пару разоў бясплённа паспрабаваў дазваніцца да каханай і подбегам вырушыў з палацу гульнявых відаў спорту. Шпаркай хадой дайшоў да прыпынку і ўскочыў у аўтобус патрэбнага маршруту – каб даехаць да прыватнага сектара, дзе жыў Нікас Сулімаў. Аўтобус ехаў надзвычай павольна, дый яшчэ спыняўся каля кожнага святлафора, патрапіўшы у “чырвоную хвалю”. Казімірчык злаваўся і ўшчуваў сябе за тое, што не паехаў маршруткай. Раззлаванасць не перашкодзіла яму зайсці з тэлефона у “кантакт”, каб зірнуць, калі там апошні раз была Света. На яе старонцы было пазначана: “Была тут сёння а 14:00”, а побач красавалася маленькая выява тэлефоннай слухаўкі. “Значыць, заходзіла праз мабільнік якраз пасля факультатыву”, – разважыў баскетбаліст, нават не звярнуўшы асаблівай увагі на тое, што яго колішняя дзяўчына напісала яму, што сумуе па ім. Адно толькі чмыхнуў і выйшаў з інтэрнэта.

Дом фатографа знайшоўся без вялікіх цяжкасцяў. Гэта быў даволі тыповы катэдж на два паверхі, крыты чырвонай дахоўкай. Яго агароджваў высокі плот з белае цэглы. Арцём ні секунды не вагаўся і націснуў на кнопку дамафона адразу ж, як апынуўся каля брамкі. Яму без маруджання, нічога не спытаўшы, адчынілі дзверы. Хлопец ступіў на двор. Сулімаў сустрэў яго здзіўленай усмешкай і прамовіў:

– О, ды я цябе ведаю! Ты сябар Святланы. Бачыў цябе ў “кантакце”. Заходзь, не саромейся. Жадаеш сфатаграфавацца?
– Не. Дзякуй. Я хачу забраць Свету і паехаць дадому, – адказаў Казімірчык, міжволі азіраючы падворак.

У вочы тут жа кінулася фотакамера на штатыве і прыстасаванні для асвятлення, дакладнай назвы якіх хлопец не ведаў. Трохі воддаль у плеценым крэсле сядзела дзяўчына. Казімірчык быў перакананы, што гэта яго сяброўка. Але не мог зразумець, чаму яна ніяк не адрэагавала на яго з’яўленне. Перш, чым Нікас, які расплыўся ў незразумелай баскетбалісту ўсмешцы, паспеў адкрыць рот, Арцём рушыў да дзяўчыны.

– Я разумею, што ў цябе фатасесія, – гаварыў, ідучы, ён. – Але ж навошта мабільнік адключаць? Не паверыш, але я за цябе хваляваўся.
– Што? – здзіўлена перапытала тая і засмяялася. – Я не твая сяброўка. Ты пераблытаў.

Яе голас быў непадобны на голас Светы, быў больш грубым. Дый твар зблізу падаўся менш падобным, чым за секунды перад тым.

– Упс. Памылачка выйшла. Прабачце, – збянтэжыўся Арцём, агаломшаны падабенствам мадэлькі да сваёй каханай.
– Нічога страшнага, – весела выгукнула тая.

Гэтая блытаніна яе яўна пацешыла.

– Света была тут, але гадзіны паўтары назад з’ехала, – таксама пасміхаючыся, патлумачыў гаспадар. – Калі хочаш, я магу табе паказаць на камеры здымкі з ёю. Там і час пазначаны.
– Ну, давайце, – усё яшчэ збянтэжана прамармытаў хлопец.

Фатограф наблізіўся да камеры, настроіў яе на патрэбны рэжым і выбраў здымкі, якія прапанаваў паказаць.

– Вось глядзі, – звярнуўся ён да госця. – Гэта першы здымак з яе сённяшняй фатасесіі. І вось бачыш час? 15:03. А гэта… – ён трохі пакорпаўся з гартаннем захаваных на карце памяці фатаграфій. – Гэта апошні здымак. І час. 16:20. А сышла яна адсюль без малага а сямнаццатай гадзіне.

Казімірчык яшчэ раз паглядзеў на здымкі ды на час і не ўстрымаўся ад пытання:

– А што гэта за сукенка на ёй? Яна ж да вас у іншай вопратцы збіралася ехаць?
– Ой, гэта вельмі проста тлумачыцца. У мяне тут ёсць касцюмерка. Кожная мадэль пры жаданні можа выбраць сабе той строй, якія ўпадабае. Твая дзяўчына ўпадабала якраз гэтую сукенку, – дадаў яснасці Нікас і спачувальна пацікавіўся: – Света не адказвае на твае званкі?

Арцёму не хацелася жаліцца фактычна незнаёмаму чалавеку. Таму ён адказаў вельмі коратка:

– Тыпу таго.

Сказаў і зазбіраўся сыходзіць.

– А яна, дарэчы, перад развітаннем камусь званіла, – нечакана паведаміў Сулімаў.
– Каму? – не прамінуў удакладніць хлопец.
– Я не ведаю, – развёў рукамі фатограф. – Але чуў, як яна называла нейкае іспанскае ці італьянскае імя або прозвішча. І абяцала некуды прыехаць, каб управіцца за гадзіну. Ну, так я гэта запомніў.

Казімірчык аж скалануўся ад пачутага. У галаве імгненна з’явілася здагадка.

– Ці не Алівейра? – спытаў ён, агучыўшы частку “нікнэйма” Свецінага настаўніка гісторыі.
– Напэўна. Дакладна я не згадаю, – адказаў Нікас, прабачальна гледзячы на яшчэ больш збянтэжанага юнака.

Арцём паспешліва развітаўся і пакінуў падворак. Яго калаціла ад злосці і неўразумення. У галаве не ўкладвалася тое, што Даброўская магла прызначыць нейкую дадатковую сустрэчу свайму настаўніку. Але ж з таго, што расказаў фатограф акурат гэта і вынікала. Баскетбаліст ускочыў у маршрутку, якая ехала ў цэнтр. Па дарозе ён яшчэ раз паспрабаваў патэлефанаваць сяброўцы. Гэтым разам не толькі на мабільны, але і на хатні тэлефон. Безвынікова. Едучы ў мікрааўтобусе, кіроўца якога на ўсю гучнасць уключыў песню “Уладзімірскі цэнтрал”, хлопец думаў-разважаў, як знайсці Віктара Андрэевіча. Нічога лепшага за тое, каб завітаць у школу, ён не прыдумаў. Так, быў вечар суботы, і верагоднасць таго, што настаўнік затрымаўся на працы выглядала дужа мізэрнай. Дый, калі той сапраўды меў вечаровую сустрэчу са Светай, то шукаць яго менавіта ў школе магло быць цалкам бессэнсоўным заняткам. Але іншай зачэпкі ў хлопца не было.

Казімірчык узбег на школьны ганак і шпарка шмыгнуў у вестыбюль. З дзясятак школьнікаў тоўпіўся вакол тэніснага стала, уважліва сочачы за гульнёй.

– Малады чалавек, вы куды? – спыталася ў Арцёма жанчына з вахты. – У спартыўную залу ці на харэаграфію?
– Мне б настаўніка гісторыі пабачыць. Віктара Андрэевіча, – не стаў таіць ён.
– Дык Знайдзёнаў ужо сышоў. Спазніліся вы, малады чалавек, – паведаміла тая.

“Дзяўчына прыйшла, і ён паляцеў”, – пачуўся за спінай перашэпт малых, які суправаджаўся хіхіканнем. Баскетбаліст рэзка павярнуўся да іх і пацікавіўся, што за дзяўчына завітала да гісторыка. Малыя адно паціснулі плячыма і сказалі, што не ведаюць, працягваючы пры гэтым усміхацца. Іх кароткі дыялог заспеў яшчэ адзін школьнік, які толькі-толькі паспеў зайсці ў вестыбюль.

– Гэта вы пра гісторыка “распрагаеце”? – бойка ўдакладніў ён і, атрымаўшы дадатны адказ, стаў з імпэтам распавядаць: – Я яго толькі што бачыў у скверыку. Ён там прагульваецца. Але не адзін. З нейкай дзяўчынай. Ходзяць там такія ўсмешлівыя, адно аднаму нешта расказваюць.

– Хопіць ужо настаўнікам косткі перамываць! – не вытрывала жанчына з вахты. – Якая вам справа, з кім ён там ходзіць!

Арцём падняў абедзве рукі на ўзроўні шыі далонямі вонкі, дэманструючы тым самым міралюбівы жэст заспакаення. Між тым унутры ў яго ўсё кіпела і віравала. Каму-каму, а яму вельмі хацелася ведаць, з кім насамрэч шпацыруе тутэйшы настаўнік гісторыі.

Віктара Андрэевіча ён ведаў толькі па фатаграфіях у сацыяльнай сетцы. Але спадзяваўся, што здолее пазнаць, не зважаючы на лёгкія прыцемкі. У скверы было даволі шмат людзей, і многія з іх прагульваліся парамі. Казімірчык кідаў позіркі то на адну пару, то на другую, то на трэцюю. Нікога, хто б нагадваў Свету ці яе настаўніка ён не знайшоў. Трушком абег увесь сквер, але адшукаць іх так і не здолеў. “Няўжо паспелі сысці? Ці мо’ у якую кавярню завіталі?” – пра сябе разважаў ён. Бліжэйшая кавярня стаяла пасярод скверыка. Баскетбаліст стрымгалоў рушыў да яе і літаральна ўскочыў у дзверы. Маленечкая зала была цалкам запоўненая наведнікамі. І перш, чым адміністратар падышла да ўзрушанага хлопца, той паспеў разгледзець усіх і выбегчы на двор, бо патрэбных асоб не выявіў. Наступнай яго мэтай стала суседні рэстаран-піцэрыя. Метрдатэль сустрэла яго амаль на самым парозе і паведаміла, што вольных месцаў няма.

– Але, калі вы пачакаеце, то магчыма… – пачала яна, ды Арцём яе перабіў.
– Тут павінны быць мае сябры, – з натужнай усмешкай прамовіў ён.

Метрдатэль з разуменнем кіўнула галавой і прапусціла наведніка ў залу.

Пахла піцай і іншымі прысмакамі. Хлопец усвядоміў, што паспеў выгаладацца, і міжволі каўтаў сліну. Ён хадзіў між столікамі і кідаў асцярожныя позіркі на тых, хто сядзеў за столікамі і адпачываў. Асцярожныя, бо можна было натрапіць на такіх наведнікаў, якія падобнай цікавасці не зразумелі б. А лішніх непаразуменняў Казімірчык не хацеў. Дайшоўшы да канца залы, нібы да кальца на баскетбольнай пляцоўцы, ён нарэшце ўбачыў знаёмы мужчынскі твар. Віктар Андрэевіч задаволена паглынаў востры італьянскі пірог, усміхаючыся сваёй спадарожніцы. Яна сядзела спінай да астатняй часткі залы, і яе твару баскетбаліст разгледзець не мог. Зрэшты, яму гэта і не было патрэбна. І прычоска, блузка, якія былі добра бачныя яму, казалі самі за сябе – Света! Сэрца забілася ў шалёным тэмпе. Марудзіць сэнсу не было. Арцём наблізіўся да іх століка і гучна вымавіў:

– Буркуеце, галубочкі?

4.
Настаўнік недаўменна зірнуў на хлопца, хутка пазнаўшы, хто стаіць перад ім.

– У чым клопат, Арцёме? – адказаў ён пытаннем, стараючыся прамаўляць як мага больш нейтральным тонам.

Дзяўчына, якая сядзела з гісторыкам, азірнулася. Хлопец, які толькі-толькі раскрыў рот, каб выдаць пэўнага зместу тыраду, асекся і замаўчаў. За столікам з Віктарам Андрэевічам сядзела не Света. Яна ні кропелькі не была на яе падобная, дый выглядала старэйшай за тую гадоў на восем.

– Прабачце, – выціснуў ён з сябе і зусім роспачна дадаў: – Мая Святлана знікла.
– Што значыць знікла? – у момант пазмрачнеўшы, спытаў настаўнік і падсунуў баскетбалісту зэдлік, каб той не размаўляў стоячы.

Казімірчык, наколькі мог, грунтоўна расказаў пра ўсё, што адбылося за апошнія суткі – ад перамогі Даброўскай да яе фатасесіі ў Сулімава.

– І ты падумаў, што яна пасля фатасесіі пайшла на сустрэчу са мной? – здзівіўся Віктар Андрэевіч і тут жа звярнуўся да сваёй спадарожніцы: – Бачыце, Аксаначка, якое ўражанне яшчэ можа скласці Знайдзёнаў у юнацкім асяроддзі.

Спадарожніца гісторыка ўсміхнулася і выказала меркаванне, што Арцём проста лішне перахваляваўся і прыдумаў здарэнне, якога, магчыма, і не было. Хлопца гэта абурыла, але ён абачліва прамаўчаў.

– Ты не крыўдуй, – папрасіў Віктар Андрэевіч. – Тут трэба разабрацца. А вось гэтая прыўкрасная дзяўчына, якую завуць Аксана Мількавец, умее разбірацца ў заблытаных справах.
– У міліцыі ці пракуратуры працуеце? – выказаў здагадку хлопец і, прыняўшы яе за слушную, адцяў: – Я хачу знайсці Свету без міліцыі. Бо калі яе тата дазнаецца, што я не змог за яго адсутнасцю усцерагчы дачку, то мне будзе гамон.
– Будзем спадзявацца, што ў міліцыю звяртацца не прыйдзецца, – прамовіў настаўнік. – А Аксана насамрэч мая каляжанка. Заблытаная справа, якую яна разгадала адбылася гадоў сто таму ў нашым горадзе. Яна гэтаму сваю дыпломную работу прысвяціла.

Рэстарацыя

Дзяўчына зноў усміхнулася, з какетлівай сарамяжнасцю махнула рукой і з удаваным скепсісам прамовіла:

– Ой, знайшлі ўжо з мяне дэтэктыва. Звычайная дыпломная праца.
– Не зусім звычайная. У аднаго гаспадара ў пачатку ХХ стагоддзя раптоўна прпала сто рублёў. Шукалі тады ўсе, хто толькі мог, але так і не знайшлі. А Аксана на аснове гэтага здарэння гісторыю цэлага гарадскога раёна таго часу раскапала! – захапленню настаўніка не было межаў.

Казімірчык не вельмі хацеў усё гэта слухаць.

– Я сюды не байкі стогадовай даўніны вывучаць прыйшоў, – трошкі завёўся ён.

Пара гісторыкаў пастаралася яго суцішыць.

– Ты дарма злуеш, хлопча, – звярнуўся да яго Знайдзёнаў. – Калі Аксана, расклаўшы факты па палічках, здолела раскрыць злачынства дарэвалюцыйных часоў, то з тваім гэтым здарэннем разбярэцца тым больш.
– А адкуль вы ведаеце, што ваша каляжанка разблытала ўсё правільна? Лагічная пабудова можа выглядаць бездакорна, але на практыцы пры гэтым не спрацоўваць, – нечакана выдаў Арцём. – Вось мы сваёй баскетбольнай камандай выбудоўваем пэўную стратэгію гульні на аснове ведаў пра нашых праціўнікаў. У думках і на словах усё атрымліваецца цудоўна, проста цукерачка. Але прыходзіць гульня, і стратэгія рассыпаецца, быццам картачны домік, а мы прайграем з дзікім лікам.
– Бывае і так, – уражана выслухаўшы развагі юнака, згадзілася Мількавец. – Але з маім дыпломным праектам ёсць пэўная закавыка. Усе высновы па тым крадзяжы цалкам пацвердзіліся пазней. Тут драўляны дом тых часоў знеслі, і рабочыя знайшлі старыя паперы. А між іншага і дзённік аднаго з гараджан пачатку ХХ стагоддзя, якога я і вылічыла. Дзённікавыя запісы ўсё пацвердзілі. Гэта называецца гісторыя паўсядзённасці. Я працягваю займацца ёй ужо ў аспірантуры. Іншым разам даводзіцца разгадваць і іншыя загадкі таго часу. Думаю, што разам мы зможам разгадаць, што ж здарылася са Светай. Так што знойдзем мы тваю сяброўку.

Яна хацела сказаць “жывой ці мёртвай”, але ўчасна спахапілася і ўстрымалася ад прафесійнага цынізму гісторыка. Віктар Міхайлавіч заўважыў, што іх суразмоўца змагаецца са спакусай не глядзець на ежу. Нічога яму не кажучы, настаўнік паклікаў афіцыянтку і замовіў тое, што можна было б хутка прынесці. Хлопец пачаў быў пратэставаць, але яго пераканалі, што частавацца, калі запрашаюць, не грэх. Неўзабаве перад ім стаяла піяла грыбнога супу з локшынай, салата з гародніны, апетытны кавалак мяса з запечанай бульбай.

– Італьянская кухня такая італьянская, – жартаўліва адзначыла аспірантка.
– Ты, хлопча, налягай на ежу, а мы тут раскладзем карты, – адправіў неабходны імпульс Знайдзёнаў.

Юнак прыняўся за суп. Мількавец дастала вялікі нататнік, адгарнула чыстую старонку, каб сцісла фіксаваць версіі знікнення, якія яна збіралася вылучыць на грунце ўсяго, што пачула. Згодна з першай версіяй Даброўская не знікла, а проста апынулася за межамі дасяжнасці з прычыны таго, што не можа пазваніць, бо батарэя мабільніка разрадзілася. Баскетбаліст адмоўна паматляў галавой і паведаміў, што яна ў такім разе змагла б знайсці спосаб звязацца.

– Папрасіла б у каго-небудзь тэлефон. Такое ўжо было некалькі разоў, – згадаў Казімірчык.
– Тады версія №2. Ад мяне асабіста, – уклініўся настаўнік. – Ты, хлопча, наўмысна пажартаваў наконт знікнення сваёй сяброўкі, каб падысці да нас і пабалакаць з такой красуняй як адна мая знаёмая аспірантка.

Аксана засмяялася і скрозь смех заявіла, што версія адразу ж здымаецца як некампетэнтная і нават антынавуковая. Гэты пасаж трошкі развесяліў Арцёма, і ён ледзьве не назваў настаўніка пікап-майстрам 80-га ўзроўню. Аспірантка выдала сустрэчную версію, звяртаючыся да Казімірчыка:

– Дапусцім, што хлусіць наш дарагі Віктар Андрэевіч. Дапусцім, што гэта ён на самой справе выкраў і схаваў тваю сяброўку. Але ў які час ён гэта мог зрабіць? Яўна не ў час факультатыву, бо твая любімая плыўчыха пасля яго засвяцілася ў фатографа. А пасля фатасесіі ў школе яе не бачылі. А па-за школай сустрэцца з нашым панам настаўнікам яна таксама ўвечары не магла, бо са школьнага вестыбюлю і да гэтага рэстаранчыка яго суправаджала я.
– Пры ўмове, што вы не хлусіце, каб пакрыць хлусню пана настаўніка, – урэзаў штучку хлопец на той жа хвалі развагаў.
– О, ты з-пад каня-скакуна падковы адрываеш, – з посмешкай адрэагавала Мількавец. – Так, магчыма хлушу і я. Але прамежак часу між школьным ганкам, скверыкам і рэстаранчыкам настолькі мізэрны, што нават, калі бы мы і хацелі некуды запраторыць тваю любінятку, то наўрад ці б змаглі.

Арцём моўчкі згадзіўся і спытаў пра імавернасць хлусні фатографа.

– А ў чым менавіта ён мог схлусіць? – задумалася аспірантка. – Света ў яго была. Ты бачыў здымкі. Спецыяльна на Алівейра ён не ківаў, ты сам пра гэта дадумаў. Ці мо’ падазраеш, што Святлана з нейкай прычыны магла застацца ў яго?

Юнак паціснуў плячыма і сказаў:
– Гэты Нікас трошкі дзіўны. Манерны такі. Ці што… Але мне здалося, што ён быў шчыры ў сваіх словах.
– Тады наступная версія… – Аксана на імгненне замялася, але ўсё ж агучыла: – Няшчаснае здарэнне па дарозе ад фатографа.

Хлопец цяжка ўздыхнуў. Яму складана было нават думаць пра тое, што яго сяброўка магла трапіць пад колы аўтамабіля ці зваліцца ў якую-небудзь траншэю. Апошніх ён, дарэчы, шмат бачыў пакуль ішоў да катэджа фатографа і назад. Настаўнік, які пэўны час адно назіраў за гаворкай, выцяг з сумкі планшэт і зайшоў на гарадскі сайт, дзе ў рэжыме рэальнага часу фіксуюцца ўсе здарэнні, што адбываюцца ў горадзе і бліжэйшых ваколіцах. Праверыў усе паведамленні за некалькі гадзін. Нічога, што магло хоць неяк нагадваць пра Даброўскую там не было. Настаўнік патлумачыў усё ўголас і дадаў:

– Але, на жаль, гэта пакуль не дае стопрацэнтнай гарантыі.

Казімірчык паставіўся да гэтага з разуменнем і пацікавіўся ў аспіранткі, ці ёсць у яе яшчэ якая-небудзь версія.

– Так, – пацвердзіла яна. – Ты казаў, што яе бацькі з’ехалі на пару дзён у Літву, у тым ліку і па бізнес-справах яе таты. Ты не думаеш, што знікненне Светы можа быць неяк звязана з татавым бізнесам?
– Ой, блін… – ніякавата прашаптаў хлопец. – Я нават не падумаў пра гэта. Яно ж можа быць самым рэальным…
– У дадзеным выпадку не можа, – заўважыў настаўнік, гледзячы на гадзіннік. – Часу мінула ладна ўжо. Калі б выкралі і схавалі, то ўжо б не прамінулі звязацца з яе бацькам і выставіць патрабаванні. Не сталі б чакаць, пакуль ён у Беларусь вернецца. А калі б яны звязаліся з ім, то бацька Светы ўжо пазваніў бы табе.

У гэты самы момант у юнака заіграў мабільнік. Ён зірнуў на экран і жахнуўся – тэлефанаваў акурат тата каханай. Паведаміў пра гэта суразмоўцам і націснуў прыняць выклік.

– Алё, Цёма, як вы там? Нешта не магу да Свеціка дазваніцца, – гучала з дынаміка тэлефона.
– Усё добра, – сабраў волю ў кулак Арцём. – Проста батарэя ў яе мабільніку здохла.
– Ясна. Перадай ёй трубку.

Баскетбаліст зрабіў вялікія вочы, мімікай просячы дапамогі. Настаўнік склаў пальцамі трохкутнік, намякаючы на знак, які звычайна малююць на дзвярах жаночых прыбіральняў.

– А яна якраз у дамскі пакой выйшла, – учапіўся хлопец за падказку.
– Дык вы у кабаку якім заселі?
– Так. У піцэрыі.
– Гуляйце, але не загульвайцеся. Перадавай Свеціку прывітанні ад мяне і ад мамы. Больш не буду гаварыць. А то роўмінг табе дорага абыдзецца.
– Добра. Прыемнага адпачынку.

Казімірчык уздыхнуў з такой палёгкай, нібыта толькі што скончыў разгружаць шматтонныя кантэйнеры. Палёгку спараджалі дзве думкі: першая – адкрут яго галавы пераносіцца на няпэўны час, другая – Свету не выкралі.

Час ішоў, а плёну з вылучаных версій не было нізвання. Мількавец пацікавілася, ці не забыў хлопец чаго расказаць? Той адразу ж хлопнуў сабе далонню па лобе, згадаўшы Насцю Навіцкую і яе жаданне сустрэцца са Светай удзень.

– Праўда, я не ведаю, ці адбылася іх сустрэча, а калі адбылася, то ў які час – да ці пасля факультатыву, – прызнаўся ён.
– Света прыйшла да мяне ў гуморы, – адразу ж зазначыў Віктар Андрэевіч. – Усміхалася. Хвалілася перамогай. Пра Навіцкую зусім нічога не казала.
– Я перакананы ў адным, калі яны сустрэліся, то між імі абавязкова разгарэлася б сварка, – запэўніў юнак, агучыўшы сваё ранейшае меркаванне.
– Ой! – абурана усклікнуў настаўнік. – Ну, колькі на белым свеце дзевак і колькі між імі сварак! Падумаеш, Навіцкая пакрыўдзілася за паражэнне ў спаборніцтвах. Якія могуць быць крыўды? Гэта ж спорт, дзетка! Цябе абагналі на сотую долі секунды? Значыць лепш трэніравацца трэба, каб абганялі не цябе, а ты сама абганяла ўсіх. Не думаю, што гэтая Насця замешаная ў знікненні Светы. Які сэнс у гэтым? Перамогу ж не вернеш ужо!
– О, сэнс тут якраз можа быць у празе помсты, – не пагадзілася з ім аспірантка. – Згадайце гучную справу “прынцэсы тусоўкі”. Што “прынцэса” зрабіла са сваёй канкурэнткай? Кінула ў падмосце, дзе тая памерла ад пераахаладжэння.
– Ну, дык то калі было! У часы “перабудовы”. Свет жа на месцы не стаіць, – не здаваўся Знайдзёнаў.
– Не стаіць. У нечым ён нават горшым стаў, – пракаментавала яго словы Мількавец, але каб не саскокваць канчаткова на іншую тэму, удакладніла ў юнака: – Які у Насці мог быць матыў?
– Яна хацела перамагчы і ехаць у Нямеччыну. Нібыта там мог быць добры кантракт, – адказаў той.
– А калі Света павінна была пацвердзіць свой ад’езд? – не спынялася Аксана.
– Перамогай пацвердзіла, – ухмыльнуўся Арцём. – Праўда, заўтра ўвечары ў палацы водных відаў спорту будзе ўрачыстасць па ўшанаванні плыўцоў нашага горада. Дык вось перад ёй Света павінна падпісаць сія-тыя паперы.
– А калі яна не з’явіцца?
– Тады яе права на паездку анулююць. Я не ведаю, адкуль у іх там такія жорсткія правілы. Але нібыта ўсё менавіта так.
– Ну, вось вам і чыстай вады матыў, – рэзюмавала Мількавец.
– Ды няўжо юная амбітная спартсменка, якая хоча збудаваць сабе добрую кар’еру, сапраўды стане апускацца да такога! – Віктар Андрэевіч усё адно заставаўся пры ўласным поглядзе.
– Да якога такога? Я ж не кажу, што Насця, цьху-цьху, забіла Свету. Яна магла яе проста нейтралізаваць і трымаць недзе, каб тая не здолела заўтра трапіць на падпісанне дакументаў…
– Стойце, – Казімірчыка прабіла на новую здагадку. – Каб нейтралізаваць, неабавязкова біць па галаве ці накідаць наручнікі на запясці. Можна добра прабавіць час побач з чалавекам, а назаўтра гэтаму чалавеку будзе кепска, што аж свет перастане быць мілым! Не кажучы ўжо пра нейкі там палац водных відаў спорту.
– Напаіць? Ці падсыпаць слабіцельнае або яшчэ нешта ў пітво? – падхапіла яго развагі аспірантка.
– Так, – пацвердзіў ён правільны напрамак разваг Аксаны: – Дык вось, а што калі ў размове па тэлефоне, якую міжволі пачуў Нікас, Света згадвала не прозвішча Алівейра, а нейкую збольшага падобную назву рэстарана ці рэст-клуба?
– І ты думаеш, што гламурны фатограф не ведае назваў тутэйшых спажыўных месцаў? – усумніўся Знайдзёнаў.
– Калі гэткая установа толькі-толькі адкрылася, то можа і не ведаць, – падтрымала хлопца аспірантка. – Напрыклад, я пра нейкую падобную назву не чула, хаця, акрамя справаў стогадовай даўніны, клубна-рэстаранным жыццём цікаўлюся.

Баскетбаліст зірнуў на яе з непрыхаванай павагай. Настаўнік скарыстаўся пошукавікам і сапраўды забаўляльны комплекс з назвай “Алівер” пару тыдняў таму адкрыўся ў новым мікрараёне. Мікрараён быў зусім не наводшыбе, а даволі блізка ад цэнтру. Аднак у звязку з тым, што горад разбудоўваўся нераўнамерна, дабрацца да “Алівера” грамадскім транспартам было трохі складана. Паўстала пытанне, агучанае Арцёмам: імчаць у забаўляльны комплекс, давяраючы ні чым не падмацаваным высновам, ці адразу спрабаваць шукаць Навіцкую як такую? І так, і так можна было памыліцца, дый змарнаваць час. Вырашылі ўсё ж ехаць у комплекс. “Як-ніяк падобную назву, калі верыць Сулімаву, агучвала Света. А значыць дзяўчына можа быць якраз там”, – падвёў рысу Віктар Андрэевіч. Разлічыўшыся з рэстаранам, тройка рушыла да выйсця. Недалёка стаяла аўто Аксаны, куды праз хвіліну ўсе шчасна загрузіліся і скіраваліся ў новы мікрараён.

5.
У дарозе шукальнікі не спынялі сваіх разважанняў.

Хлопец наракаў, што не ўзяў раней нумар тэлефона Насці.

– У “кантакціку” ж ёй не напішаш, – скептычна прамовіў ён.
– А калі проста на яе старонку зайсці? – уклінілася Мількавец, не зводзячы вачэй з дарогі. – Можа, там і тэлефон пазначаны ці яшчэ нешта цікавае знойдзецца. Гэта ж сацыяльная сетка, трэба ёй карыстацца не толькі для таго, каб баламутлівыя статусы ставіць. “Калі табе плююць у спіну, значыць, ты ідзеш наперадзе”. Зрэшты, іншым разам і па статусе можна пра штось даведацца.

Планшэт

Казімірчык выйшаў у сеціва праз мабільнік, а Знайдзёнаў зноў скарыстаўся планшэтам. Хутка знайшлі патрэбную старонку. Яна была ў адкрытым доступе. Насця Навіцкая ўсміхалася з аватаркі, якую паставіла тры тыдні таму. Тэлефонных нумароў на яе старонцы не знайшлося. Свежых фатаздымкаў з якой-небудзь гулянкі не было. Статус быў зусім нейтральным. Прынамсі, ні на што асаблівае не намякаў: “Не бойся марудзіць, бойся спыніцца”. Адзінае, што дакладна можна было сказаць пра яе сённяшні дзень – сацыяльную сетку апошні раз Насця наведала зусім нядаўна. Прыблізна тады, калі Арцём паглынаў грыбны суп з локшынай. Ён перайшоў на старонку каханай. Там нічога не змянілася. Час яе апошняга заходу заставаўся ранейшым.

Настаўнік між тым прыступіў да больш уважлівага вывучэння папярэдніх допісаў і каментараў на “сцяне” старонкі Навіцкай. Менш, чым за суткі яна асабіста змясціла з дзясятак карцінак і песень. Гісторык меркаваў, што гэта мусілі б быць нейкія тужлівыя выявы і меланхалічныя трэкі – як вынік перажывання паразы. Аднак усё было чыста наадварот. Пра саму паразу дзяўчына напісала досыць завуалявана для старонніх людзей, але цалкам празрыста для тых, хто ў курсе: “Сотая долі секунды – і твае мары разбіваюцца ўшчэнт”. Пад гэтым запісам стаяў адзін каментар з сумным смайлікам: “Вось яна і ў цябе забрала мару”. Пакінула нейкая дзяўчына. Знайдзёнаў перайшоў на яе старонку. Па вачах адразу ўрэзаў вычварны статус: “Я лялька вуду, плакаць не буду, але ніколі цябе не забуду”. Падобнымі цытатамі поўнілася “сцяна”. Сярод падпісак былі групы “Я не сцерва – гэта нервы”, “Гэта пафас? – Гэта пофіг!”, “Скроенае сэрца кінутай дзяўчыны”… У апошнім допісе на “сцяне” была цытата: “Ты проста быў часцінкаю мяне…” і фатаграфія хлопца з баскетбольным мячом. Віктар Андрэевіч не тое, каб не даў веры сваім вачам, але на ўсялякі выпадак адкрыў здымак у арыгінальным памеры. Сумневаў не заставалася – на фатаграфіі быў адлюстраваны Казімірчык. У ранейшых допісах таксама былі фоткі і калажы з ім. Мужчына зірнуў на імя і прозвішча гэтай дзівачкі і спытаў у юнака:

– Хто такая Каця Беланосава?
– Мая былая дзяўчына, – у момант пачырванеўшы, прызнаўся той, і насцярожана удакладніў: – А што такое?
– А вось што! Па-беларуску гэта называецца “кляты сорам”, – выгукнуў ён, перадаючы планшэт. – Як вам рэўнасць кінутай дзяўчыны ў якасці матыву?

Аксана хутка ўлавіла сэнс чарговага адкрыцця.

– Ды мы з ёй усяго пару месяцаў сустракаліся, калі вучыліся ў восьмым класе. Столькі часу прыйшло, а яна ўсё ў сваіх фантазіях лётае, – паспяшаўся выгаварыцца Арцём, каб толькі ў спадарожнікаў не склалася ўражанне, быццам ён мае з гэтай “лялькай вуду” нешта агульнае.

Знайдзёнаў забраў назад планшэт і хутка праглядзеў больш даўнія допісы на “сцяне”. І вось “пост” двухтыднёвай даўніны прымусіў яго нават прысвіснуць. Там красаваў супольны здымак Беланосавай і Навіцкай. Яны стаялі ў абдымку на фоне барнай стойкі і задзірыста ўсміхаліся, працуючы на аб’ектыў. Фота суправаджалася надпісам: “Мммм, “Алівер”! Было класна. Трэба паўтарыць!”.

– Гэта Насця з ёй? – без патрэбы ўдакладніў настаўнік.

Юнака аж двойчы перасмыкнула – спачатку ад нечаканага пытання, а потым ад убачанага на экране. Адказваць было лішне. Гісторык зрабіўся вельмі сур’ёзным.

– Я вельмі хачу спадзявацца, – з каменным выразам твару мовіў ён, – што зараз мы ўбачым іх утраіх. І Насцю, і Кацю, і тваю Свету. Хочацца верыць, што яны змаглі паразумецца і проста загулялі.

Аксана рэзка націснула на тормаз, каб не стукнуцца з грузавічком, які раптоўна выехаў з-пад біг-борда.

– Ці ж ён зусім аслеп? Ці проста правілаў дарожнага руху не ведае? – абуралася яна, ледзь не вымавіўшы тых словаў, якія не пасуюць мілай аспірантцы.
– А што яму? Яму абы хутчэй. На адзін шчыт новы біг-борд з напарнікам павесілі, цяпер да іншага спяшаюць. Ваўка ногі кормяць, – разважыў хлопец, якога добра страсянула.
– Каб толькі гэты воўк не накарміў багіню смерці чалавечымі ахвярамі, – незадаволена выдала Аксана.
– А што там на біг-бордзе было? – нібыта нічога і не адбылося, спытаўся настаўнік.
– Напэўна, нейкая сацыяльная рэклама, – выказаў меркаванне Арцём. – Я не звярнуў увагі. Там, здаецца, здымак з дзяўчынай і нейкі надпіс. Нешта тыпу: “Мая новая фраза да цябе будзе…”. А што далей, не ўспомню.

Мількавец, усё яшчэ злавалася і падтрымліваць гутарку на завязаную тэму не стала.

6.
Забаўляльны комплекс атакавала мноства наведнікаў. Усё-ткі ж быў суботні вечар, які дабрача так хіліўся да ночы. У “Аліверы” меўся з дзясятак аўтаномных бараў, рэстаранаў і адна вялікая дыскатэчная зала. Пра гэтую акалічнасць тройца шукальнікаў неяк і не падумала. Адны наведнікі спяшаліся ў сушы-бар, другія на дыскатэку ў стылі зомбі-апакаліпсісу, трэціх цікавілі іншыя забаўкі, кшталту гоў-гоў танцаў. Стоячы на ганку комплексу Аксана, Арцём і Віктар Андрэевіч акурат назіралі плынь наведнікаў апранутых пад зомбі. Тым было весела, а гэтым нядужа. Коратка параіўшыся, шукальнікі рушылі да дзвярэй. Збіраліся абхадзіць усе ўстановы комплексу ў спадзеве, што ўсё ж дзе-небудзь пашанцуе знайсці Навіцкую і Беланосаву. “Абы яны толькі ў зомбі не былі апранутыя”, – пажадаў баскетбаліст. На шчасце ісці далёка не давялося. Тройца сутыкнулася з тымі дзяўчатамі проста ў дзвярах. Тыя адразу ж пазналі Казімірчыка. Здзівіліся і яму, і ягонай кампаніі. Каця нават войкнула. Давялося ім хутка патлумачыць сэнс справы. Яны выслухалі і пагадзіліся адысці ўбок, каб паразмаўляць без лішніх сведак.

Дыскатэка ў стылі змобі

Хлопец адразу ж запытаўся ў Насці пра яе сустрэчу са Светай. Тая ахвотна і даволі роўна патлумачыла, што яны бачыліся пасля дзвюх гадзін дня ў прысадах каля школы. Сказала, што спрабавала ўгаварыць Даброўскую адмовіцца ад паездкі ў Нямеччыну.

– Я рэальна заслужыла гэтую паездку, – запэўнівала Насця, агучваючы сваю крыўду. – Я так шмат трэніравалася. Прыклала столькі намаганняў, каб дасягнуць высокіх вынікаў. Па сутнасці, я ўвесь год працавала на перамогу ў спаборніцтвах, што адбыліся ўчора. А Свеце заўжды ўсё давалася лягчэй. Яна часта перамагала, нібыта гуляючы. Дый увогуле ёй заўсёды больш шанцуе.
– І калі яна адмовілася, ты вырашыла зрабіць ёй нешта кепскае? – не стаў хаваць сваіх падазрэнняў юнак. – Разам з Кацяй вы некуды яе завабілі і там…
– Гэта не смешна. Перастань так жартаваць, – папрасіла плыўчыха, састроіўшы вельмі сур’ёзную міну.
– А што я павінен казаць! Мая дзяўчына знікла без звестак! Ніхто нічога не ведае! Ніхто ні ў чым не вінаваты! А Светы, як не было, так і няма! – усхадзіўся Арцём, ажно Віктару Андрэевічу прыйшлося торгаць яго за рукаво. Яго крык справе нічым дапамагчы не мог, а толькі прыцягваў увагу старонніх людзей. Пара амапаўцаў, якія стаялі каля іншага краю будынка, ужо скіравалі свае позіркі на іх. Але юнак сцішыўся, і тыя адразу згубілі інтарэс.
– Мы паразмаўлялі са Светай. Але яна так і не сказала ні “так”, ні “не”, – працягвала Навіцкая. – Яна сказала, што параіцца з табой. Маўляў, паездка выдатная, але ехаць туды проста дзеля самой паездкі сэнсу мала, бо заключаць там кантракты яна вялікага жадання не мае. А ўсё чаму? А ўсё таму, што не хоча губляць цябе. Яна абяцала пазваніць мне сёння ўвечары. Але не пазваніла. Калі шчыра, пачуўшы ад яе ўсё гэта, я расчулілася. Я не чакала ад яе такога разумення і такіх адэкватных паводзін. Нават расказала ёй, што мы з Кацяй завіснем сёння ў “Аліверы”

Здзіўленню Казімірчыка не было межаў. Яго спадарожнікі таксама здзівіліся нямала. Хлопец, быццам не верачы, што паміж Светай і Насцяй не было сваркі, а між Насцяй і Кацяй змовы, звярнуўся да апошняй:

– А ты чаго мне сёння пісала?
– Па ціхай журбе, – выціснула яна з сябе, хаваючы вочы, чым нагадала прысаромленую шкадлівую котку.

Дзяўчаты кляліся і божкаліся, што ўвечары Даброўскай не бачылі, а пагатоў шкоды ёй ніякая не чынілі. Беланосава нават заплакала. Доказаў іх недатычнасці да знікнення Даброўскай не было аніякіх, але шукальнікі фармальна выкраслілі абедзвюх са спісу падазраваных. Ім наказалі на прамілы бог нідзе нічога пра знікненне Светы не балбатаць, а то, як наўмысна падкрэсліў Знайдзёнаў, “шчэ невядома, як усё ета дзела павернецца”.

7.
Цяпер, калі ўсе зачэпкі скончыліся, засталіся толькі два варыянты. Або зноў жа няшчаснае здарэнне, або зварот да асобы апошняга вядомага сведкі. Сайт здарэнняў утрымліваў новыя зводкі, але Святлана у ніводнай з іх не фігуравала. Сталі наноў абмяркоўваць фатографа. Атрымлівалася, што ён быў ці не апошнім, хто дакладна бачыў зніклую. Прагаворваючы гэта, зрабілі акцэнт на тым, што Сулімаў, па сутнасці, стаў адпраўным пунктам большасці далейшых лагічных пабудоў і Арцёма, і Аксаны з Віктарам Андрэевічам. Прасцей кажучы, усё скокі пачаліся менавіта ад яго расказу. Паўстала пытанне: а што, калі ён прыдурваўся? Нельга было скідваць з рахункаў версію пра тое, што ён прыдумаў ход з нібыта падслуханым у Светы прозвішчам, каб наўмысна пусціць Арцёма ілжывай каляінай. У такі спосаб Нікас мог кінуць цень на настаўніка. А вось ці закладваў ён у свой ход двухсэнсоўнасць неагучанага прозвішча ці так атрымалася праз збег абставін – пра гэта ніхто з тройцы меркаваць не браўся. Мазгі ўжо і без таго кіпелі ад перабору інфармацыі. Следам ішло наступнае пытанне – пытанне пра датычнасць фатографа да знікнення Даброўскай. Матываў для выкрадання не праглядалася. Шукальнікі на нейкі час замоўклі ў роздуме. І раптам настаўнік схапіўся за галаву і звярнуўся да баскетбаліста:

– Ты казаў, што пераблытаў яго чарговую мадэльку са Святланай. Яны такія падобныя:
– Здалёк вельмі нават падобныя. Дый зблізку падабенства ёсць, – прызнаўся юнак.
– Ясна. А ты альбомы з мадэлькамі на яго старонцы глядзеў? – працягваў гісторык і, атрымаўшы станоўчы адказ, прадоўжыў: – Што-небудзь адметнае заўважыў там?

Гламур

Мількавец паглядала то на мужчыну, то на хлопца, не могучы дапяць, чаму адбываецца гэты дыялог.

– Заўважыў. Я яшчэ Свеце пра гэта казаў. Там жа ўсе мадэлі аднатыпныя… – сказаў Казімірчык, на імгненне асекся, даўмеўшыся да сутнасці, і потым агучыў тое, што для настаўніка ўжо было відавочным: – Ды яны ж там усе чыста падобныя на Свету!
– Вось! – літаральна выкрыкнуў Віктар Андрэевіч, узрушаны ад уласнага адкрыцця. – Ён фатаграфуе дзяўчын, падобных адна на адну. Гэта ўжо нагадвае нам не проста захапленне, але пэўную манію. А што калі разам з фатаграфіямі Нікас калекцыянуе і саміх мадэлек?
– Серыйныя забойствы? Гэтага не можа быць. Пра гэта даўно б ведаў не толькі ўвесь горад, але і цэлая краіна стаяла б на вушах. Дый для чаго тады выстаўляць серыі гэтых здымкаў у інтэрнэт? – Аксана выдала скептычную тыраду.
– Я не пра забойствы, – запярэчыў настаўнік. – Я пра калекцыю яго… гмм, так бы мовіць, блізасці з мадэлькамі. Сфатаграфаваў адну – зблізіўся. Сфатаграфаваў другую – зблізіўся. Ну, і так далей. Можа, да сённяшняга дня ўсё было гладка. Дзяўчаты пагаджаліся. А вось наша Святлана адмовіла, і ў фатографа перамкнула клемы. Ну, ці не можа такое быць? Яна сказала яму: “Не”, а ён яе за гэта ў падвал пасадзіў.
– Жах! – дуэтам усклікнулі аспірантка і баскетбаліст.
– І ўсё ж даступнасць альбомаў сведчыць пра яго пэўную адкрытасць, – трохі падумаўшы, адцеміла Мількавец. – Для маньяка ці сэксуальна заклапочанага свяціць такія калекцыі было б занадта небяспечна. Ці мала розных дамарослых дэтэктываў у “кантакце” сядзяць.
– Але ж з альбомаў нічога такога і не вынікае. Здымкі прыгожыя і строгія. Без фрывольнасцяў, – канстатаваў настаўнік.
– Бо для фрывольнасцяў ён знаходзіць іншы час! – гнеўна гыркнуў хлопец. – Трэба тэрмінова ехаць туды і прыдзірліва пагаманіць з гэтым тыпам. Я збяру сваіх сяброў па баскетболе і па гульні ў “Схватку”. Калі спатрэбіцца, то возьмем штурмам гэты чортаў катэдж!

Такая рашучая заява спужала спадарожнікаў.

– Толькі незаконнага пранікнення ў прыватныя ўладанні нам яшчэ не хапала! – абурылася Аксана, шукаючы падтрымкі ў калегі.
– Я люблю прыгоды, але ж быць Андрэем Беларэцкім не жадаю, – настаўнік адхрысціўся ад словаў Арцёма, згадаўшы сумны лёс героя “Дзікага палявання караля Стаха”. – Давай мы паедзем да Нікаса, і я адзін паспрабую з ім паразмаўляць.
– А які з гэтага будзе толк? Ён вам пасмяецца ў твар. Ці зноў пад дурня закосіць. Трэба лезці праз плот і прабірацца ў катэдж, каб паспрабаваць адшукаць там Свету. Калі вы не хочаце мне ў гэтым дапамагаць, то я не пакрыўджуся. Вы і так многа для мяне зрабілі.
– Не, Арцёме, мы цябе не кінем, – запэўніў настаўнік. – Бог з ёй, з рэпутацыяй. Калі мы выратуем дзяўчыну, то пераможцаў не асудзяць.
– Гэта пафас? – саркастычна ўдакладніла аспірантка.
– Гэта пофіг, – не стрымаўся ён выдаць у адказ, усміхаючыся адно куточкамі вуснаў.

Тройца круціла і перабірала розныя варыянты пранікнення ў дом Сулімава. Знаёмыя баскетбаліста – хлопец і дзяўчына, сталыя ўдзельнікі “Схваткі” – павінны былі нештачка інсцэніраваць і тым самым апынуцца ў катэджы. Там яны мусілі б дзейнічаць па абставінах, і патэлефанаваць астатнім, калі здабудуць хоць нейкую інфармацыю. Знаёмцы тут былі патрэбныя толькі з-за таго, што Віктара Андрэевіча і Аксану фатограф мог ведаць у твар, дзякуючы здымкам у сацыяльнай сетцы. Без дапамогі “схваткаўцаў” план мог праваліцца проста з парога.

8.
Хлопец і дзяўчына падышлі да падворку катэджа Сулімава. Мужчына націснуў кнопку дамафона. Пэўны час на гэта не было ніякай рэакцыі. Праз дарогу пад шатамі дрэва стаялі Казімірчык, Знайдзёнаў, Мількваец, а таксама два сябры Казімірчыка. Усе пільна прыглядаліся за тым, што адбывалася ля дзвярэй. На выпадак няўдачы яны збіраліся задзейнічаць дадатковы план. Прынамсі, на гэта разлічваў Арцём. Аднак каля дзвярэй падворка пара ажывілася – у дамафоне пачуўся зусім не сонны, але яўна незадаволены голас гаспадара. Хлопец прыняўся удаваць заклапочанага маладога мужа, жонка якога вось-вось павінна нарадзіць. Нікас параіў або не жартаваць так, або выклікаць хуткую. Дзяўчына тут жа пачала лямантаваць, ствараючы падабенства крыку падчас родавых схватак, а сама ледзьве не смяялася ад сугучнасці часткі гэтага паняцця з назвай яе любімай начной пошукавай гульні. Яе напарнік адначасова з гэтым паспеў крыкнуць у дамафон, што тэлефоны разрадзіліся, а далей ісці проста немагчыма. Фатограф паабяцаў выклікаць хуткую дапамогу, але хлопец зноў жа паспеў уплішчыць фразу: “Але тады мая жонка рызыкуе нарадзіць проста на асфальце. Хіба вы гэтага хочаце?”. Гаспадар здаўся. Хлопец і “цяжарная” дзяўчына зайшлі ў дзверы, што аўтаматычна адамкнуліся.

Час пасля таго, як пара знікла ў зеўры дзвярэй, імгненна запаволіўся. Калі ж мінула пятнаццаць доўгіх хвілін, а ад “маладой сямейнай пары” не паступіла ніякага сігналу, Казімірчык пачаў дужа нервавацца. Намякаў на тое, што прыспеў час караскацца праз агароджу, імчаць у катэдж і вызваляць не толькі Свету, але і сяброў па “Схватцы”. Настаўнік раіў пакуль не гарачкаваць. “Ды што не гарачкаваць! – усхадзіўся Казімірчык. – Можа, ён іх ужо на рамяні крамсае! А мы тут сядзім”. У гэты час азваўся яго мабільнік. Званіў акурат “малады муж”: “Света тут. Здаецца, што ўсё ў парадку. О, божа! Неееееееееееее!”. Званок перарваўся. Арцём ашалела залыпаў вачыма і паспрабаваў перазваніць. Абанент ужо быў недаступным. Баскетбаліст узрушыўся да неймавернасці. Стрымаць яго было ўжо немагчыма. Ні Віктар Андрэевіч, ні Аксана не маглі ніяк на яго паўплываць. Юнак настроіўся на рашучы крок. Разам з дружбакамі баскетбалістамі ён перабег вузкую вуліцу. Яны спыніліся каля цаглянага плата. Сябры спрытна падсадзілі Казімірчыка ўгору. Потым адзін падсадзіў другога. Таму ж, хто застаўся, першыя дапамаглі ўскараскацца, працягнуўшы яму рукі. Знайдзёнаў і Мількавец толькі падышлі да плота, як баскетбалісты разам скокнулі ў двор. Як толькі тыя апынуліся на падворку, там запаліліся два пражэктары. Яны свяцілі хлопцам у твары. Пачуўся выразны камандны голас, і аднекуль павыбягалі ўзброеныя аўтаматамі людзі ў камуфляжнай форме ды схаванымі пад маскамі тыпу “Ноч” тварамі. Яны змусілі юнакоў пакласці рукі за галаву, развярнулі да сцяны і абшукалі. Яшчэ двое падобных бамбізаў пад рулямі аўтаматаў прывялі на падворак настаўніка і аспірантку. Усіх агаломшаных такой сустрэчай “гасцей”, акром “сямейнай пары”, пашыхтавалі. У святле пражэктараў з’явіўся Сулімаў. Ён ішоў з развальцай у хадзе, трымаючы келіх з шампанскім.

– Ну, што, рабяткі? – п’яным голасам звярнуўся ён да пашыхтаваных. – Хочаце сказаць, што я не здолеў вас падмануць?
– Мы цябе вылічылі! Табе капцы! Зараз міліцыя прыедзе! – пракрычаў яму на гэта Арцём, спрабуючы блефаваць.
– Не прыедзе. Не хлусі, – катэгарычна не паверыў гаспадар катэджа. – Час на тое, каб падумаць над вашым лёсам у мяне ёсць. І ведаеце да чаго я зараз больш за ўсё схіляюся? Я схіляюся да банальнага масавага забойства. Можа, не адразу ўсіх. А па чарзе.
– Куды ты дзенеш столькі трупаў, Гітлер местачковы? – з яўным выклікам настаўнік задаў цалкам рэзоннае пытанне.

У спіну яму адразу тыцнулі дулам аўтамата.

– Ты не перажывай, педагог-наватар, – ашчэрыўся падабенствам усмешкі фатограф і прыклаў два пальцы сабе пад нос, імітуючы гітлераўскія вусікі. – Усіх дзенем туды, куды трэба. З той “сямейнай парай” вас сямёра. Траіх мы застрэлім і затрамбуем у багажнік аўтамабіля тваёй мілай спадарожніцы. Астатніх заб’ем бейсбольнымі бітамі і пасадзім у салон усё таго ж аўтамабіля. Разам з пісталетамі, якімі будуць забітыя першыя тры. Адбіткі пальцаў і ўсё такое. Потым мы скінем гэтую прыўкрасную машынку з якога-небудзь моста. Можам і падпаліць загадзя. А там няхай шаноўная міліцыя разбіраецца.

Ад гэтых словаў кроў стыла ў жылах ва ўсіх пашыхтаваных, апроч Арцёма. Яго галава была занятая іншым.

– Чаму сямёра? А дзе Света? – спытаў ён.

– Света застанецца са мной, – рэзка адцяў Нікас, але пасля глытку шампанскага і наўмыснай імітацыі роздуму, дадаў: – Карацей, вось што я надумаў. Ты ж яўна хочаш пабыць са сваёй дзяўчынкай яшчэ хоць трохі. Вось гэта я магу табе паабяцаць. Але пры пэўнай умове.
– Якой? – пацікавіўся Казімірчык, чакаючы нейкага круцельства.
– Ты пераможаш мяне ў кідках мяча ў баскетбольнае кальцо, – урачыстым тонам абвясціў Сулімаў.

Баскетбалісты міжволі пераглянуліся. Віктар Андрэевіч зірнуў на Аксану, мімікай даючы зразумець, што прадбачыць нейкую “дзічыну” у тым, што прапаноўваў прамоўца. І сапраўды, доказ гэтаму абазначыўся адразу ж. Арцём паспрабаваў удакладніць, што ды як. На гэта ён атрымаў вельмі жорсткае тлумачэнне:

– Кідаем па тры мячы. Калі ты выйграеш, то пабачышся са Светай. Калі будзе нічыя, ты пабачышся з ёй праз вакно. Калі выйграю я, то цябе прыстрэляць самым першым. Калі ты зараз адмовішся ад гульні, то будзе застрэлены адзін з тваіх сяброў. Калі і пасля гэтага ты не захочаш гуляць, застрэляць другога. Ну, а наступных, калі ты так і не саспееш да гульні, затаўкуць бітамі, як я і абяцаў раней.

Усе, каго трымалі пад дуламі аўтаматаў, цяжка ўздыхнулі. Пастаўлены перад выбарам юнак, не ведаў, як сябе паводзіць і што рабіць.

– А іншых умоваў няма? Я не магу распараджацца жыццямі іншых людзей, – урэшце азваўся ён, з нянавісцю гледзячы на Сулімава
– Не трэба сабе лесціць, малы, – нядобра ўсміхнуўся той. – Жыццямі ў кожным разе тут распараджаюся я. Так што…
– Дазвольце мне замест Цёмы пакідаць мячы ў кальцо, – раптоўна выклікаўся адзін з яго сяброў – капітан іх баскетбольнай каманды.
– О! Якое пахвальнае імкненне! – выгукнуў фатограф. – Я магу гэта дазволіць. Але тады ў разе тваёй перамогі ці нічыі на Свету будзеш глядзець ты сам, а не твой дружбак Цёма.

Пашыхтаваныя перабывалі ў ступары. Усё здавалася нерэальным, быццам гэта сон ці трызненне. Нікому не хацелася верыць, што праз нейкі час яны стануць ахвярамі дзікунскай бойні. Паплечнік капітана каманды не вытрымаў. Ён рэзка павярнуўся, адной рукой ухапіўся ў аўтамат, а другой паспрабаваў ударыць свайго “канваіра”. Той, аднак, спрытна, адскочыў да плота, ператоргнуў замок аўтамата і рашуча скіраваў яго на абуральніка спакою.

– Вось такога рабіць не трэба, – папярэдзіў Нікас. – На першы раз дарую, але ведайце, што потым адразу будзе “бах-бах”.

У гэты момант з мансарды праз увесь падворак пралегла чырвоная палоска лазернага прыцэла.

Казімірчык прабачальна зірнуў на таварышаў па няшчасці і папрасіў у гаспадара прынесці баскетбольныя мячы. Той натужна засмяяўся, ухваляючы такое рашэнне. Успыхнуў яшчэ адзін пражэктар, прамень якога быў скіраваны на іншую частку падворка. Так акурат стаяў слуп з баскетбольным кошыкам. З дому выйшаў чарговы граміла з прыхаваным пад маскай тварам. Абедзве яго рукі былі занятыя сеткамі з мячамі. Ён расставіў іх па розныя бакі ад пункта, з якога меркавалася здзяйсняць кідкі. Фатограф на правах гаспадара даў Арцёму мажлівасць пачаць гэты двубой першым. Хлопец дастаў мяч. Падышоў на вызначаную лінію, глянуў на кальцо і зрабіў маланкавы кідок. Мяч дасканала трапіў у кошык. Настала чарга Сулімава. Пазіраючы з ухмылкай на суперніка, ён слепа кінуў мяч у бок кальца. Кідок атрымаўся трапным. Наступныя кідкі былі паспяховымі у абодвух. Калі дайшла чарга да трэцяга (і апошняга) кідка, Арцём зразумеў, што ўзяты ім мяч мае зрушаны цэнтр цяжкасці. Ён паведаміў пра гэта Нікасу. Той і слухаць нічога не стаў: маўляў, мячыкі ўсе новыя, а што ў адным з іх раптам выявіўся брак, дык тое зусім не ягоны клопат. У хлопца не было сумневаў, што бракаваны мяч яму падсунулі наўмысна. Казімірчык яшчэ раз узважыў яго ў руках, злёгку падкінуў і злавіў. Спрабаваў разлічыць, як ён будзе ляцець. У гэтым вельмі лёгка можна было памыліцца. Максімальна сканцэнтраваўшыся, ён зрабіў кідок. З заміраннем сэрца яго кампаньёны сачылі за палётам мяча. Мяч ударыўся зверху аб вобад кальца, падскочыў, ударыўся аб шчыт, зваліўся назад на вобад, а ўжо адтуль трапіў у кошак. Баскетбаліст трыумфаваў. Усе, хто за яго перажываў, хацелі крычаць ура, але з увагі на акалічнасці гэтага не рабілі. Гаспадар дома працягваў ухмыляцца, быццам трэці закінуты канкурэнтам мяч мала што значыў. Ён падступіўся да лініі, трохі памарудзіў і ўрэшце шпурнуў мяч. Траекторыя палёту была заведама пройгрышнай. Мяч стукнуўся ў бок вобада і адскочыў. Фатограф прайграў.

– Мае віншаванні, – з нязводным крыўляннем вымавіў ён. – Ну, што? Ты хочаш бачыць Святлану?
– Так. Вы ж абяцалі.
– Я абяцаў. Мая тэрыторыя – мае правілы. Хачу прызначаю, а хачу змяняю, – нахабна заявіў Сулімаў.

Палоска лазернага прыцэла перамясцілася на Казімірчыка. Знайдзёнаў, улавіўшы гэты момант, рэзка скочыў, каб захінуць юнака ад стрэлу. Тады стрэл і прагучаў. Дакладней, гэта быў хлапок. Мількавец ускрыкнула ад жаху. А вось хлопцы здзіўлена пераглянуліся, і з вуснаў збянтэжанага капітана сарвалася безадраснае пытанне: “Ружжо для пейнтбола?”. Арцём зірнуў на спіну настаўніка. Там сапраўды красавала пляма ад фарбы. Баскетбаліст недаўменна паглядзеў на Нікаса. У тое самае імгненне ўвесь падворак асвяціўся ліхтарамі. А прамяні пражэктараў скіраваліся на тую яго частку, якая дагэтуль знаходзілася ў поўнай цемры. Праз секунду уверх паляцелі ракеты феерверку. Дзякуючы святлу, можна было ўбачыць вялікі плакат, які быў прымацаваны над агароджай. На плакаце была фатаграфія Даброўскай, якая іранічна ўсміхалася. Ніжэй красаваў надпіс: “Маёй сціплай просьбай да цябе будзе: «Кінь мяне раўнаваць, мілы!»”. Знайдзёнаў, убачыўшы гэта, стаў гучна смяяцца. Меркаваў, што ўсё зразумеў. “Як жа ж ты не здагадалася першай? Тут жа гісторыя блізкая да тваёй любімай гісторыі са сторублёўкай пачатку ХХ стагоддзя”, – усмешліва заўважыў ён аспірантцы. Тая таксама ўсміхнулася і чыста па-сяброўску дала яму лёгкага плескача па плячы. Ён пераняў яе руку і пацягнуў да сябе, каб заключыць у абдымкі. Аксана не дужа супраціўлялася гэтаму. Грамілы паскідвалі маскі і форму, дзякуючы спецыфічнасці якой яны, уласна, граміламі, і здаваліся. Сярод іх нечакана аб’явілася і парачка “схваткаўцаў”. Казімірчык глядзеў на ўсё гэта з разяўленым ротам і акругленымі вачыма. Ён ніяк не мог зразумець, што адбываецца. На вялікім балконе заіграла жывая музыка. З катэджа выйшла Света ў прыгожай белай сукенцы. Яна ўсміхалася дакладна так, як і на плакаце. Іранічнасці ва ўсмешцы Сулімава было яшчэ больш, а яго твар ззяў прыязнасцю.

Феерверк

– Ты будзеш мяне раўнаваць? – спытала Даброўская ў свайго хлопца.

– Дык гэта ўсё ты сама зладзіла? – спытаў наўзаем ён.
– У нечым сама. У нечым з дапамогай Нікаса. Ён вельмі добры актор. Тваіх сяброў па “Схватцы” пераканалі дапамагчы ўжо тут, – гаварыла дзяўчына, гледзячы яму проста ў вочы. – Але ты не адказаў на маё пытанне.
– Хочаш сказаць, што ўвесь цырк быў разыграны толькі для таго, каб змусіць мяне перастаць раўнаваць?
– Так. Ты ж слепнеш, калі раўнуеш, – не злосна, з роспаччу ў голасе мовіла Света. – Напрыклад, сёння ты мяне тут ужо бачыў. Але варта было мне сказаць, што я – гэта не я, як ты паверыў.
– Ты сапраўды не была падобнай на сябе, – стаў апраўдвацца юнак.
– Так. Быў грым. Была штуковіна для змянення голасу. Праўда, сутнасці гэта не змяняе, – дзяўчына па-ранейшаму не зводзіла вачэй з раўнівага сябра. – Гульня, ці як ты сказаў – цырк, магла б і не адбыцца, калі б ты быў больш уважлівым. Але рэўнасць засціла табе вочы, і гульня мусіла працягнуцца. Ты нават не заўважыў, што горад увешаны біг-бордамі з маёй фатаграфіяй… Гэты ход з “сацыяльнай рэкламай” прыдумаў Нікас.
– А хто аплаціў? І хто яшчэ быў свядомым удзельнікам тваёй гульні? Ці толькі мяне трымалі за сляпое шчанятка? – сыпаў пытаннямі баскетбаліст, не наважваючыся зрабіць адзін крок наперад, хаця яму вельмі хацелася прыгарнуць дзяўчыну да сябе.
– Аплаціў тата, – тлумачыла Даброўская. – Я падбіла яго на гэта. Ён мог бы мне зрабіць добры падарунак з нагоды заканчэння школы. Але я вырашыла, што прыцягненне тваёй увагі для мяне значыць болей. Вось атрымліваецца, што тата з мамай ведаюць пра гульню. Усе ж астатнія – і Віктар Андрэевіч, і яго нявеста, і Насця з Кацяй не былі ў курсе.

Арцём збянтэжана азірнуўся на пару гісторыкаў і недаверліва ўдакладніў:

– Дык вы жаніх і нявеста?
– Так, – на двуспеў адказалі яны, стоячы ў абдымку.
– Вось бачыш, ты столькі часу сёння прабавіўся ў іх кампаніі, і нічога такога не ўгледзеў, – заўважыла плыўчыха.
– Ды я быў падбіты тваім знікненнем! – з роспаччу прамовіў баскетбаліст. – Мне было не да назіранняў. А ўвогуле, навошта было ўсё гэта ладзіць? Няўжо ты не магла проста ўзяць і паразмаўляць са мной пра гэта? Чаму спатрэбілася цэлая гульня?
– Ты ж ведаеш, што простая размова не да чаго б не прывяла. Колькі мы з табой пра гэта гаварылі раней? І чым яно ўсё заканчвалася? Я ўжо не ведала, як табе яшчэ можна было патлумачыць, каб ты, нарэшце, разумеў, што я кахаю толькі цябе і нікога іншага. Што раўнаваць мяне да каго б там ні было, папросту не варта. Вось дзеля гэтага я ўсё і распачала.

Збоку нешта шчоўкнула. Казімірчык павярнуў галаву і кінуў позірк на фатографа. Той зноў стаяў за фанабэрыстым тварам, а ў руцэ трымаў пісталет, скіраваны на Арцёма.

– Ну, досыць ужо. “Свіданка” завяршылася, – па-нахабніцку звярнуўся гаспадар дома да хлопца і дзяўчыны. – Цяпер прыспеў час развітацца.

Усё прысутныя вырачылі вочы, не разумеючы, што дзеецца. Сулімаў выпрастаў руку, у якой трымаў пісталет, і націснуў на курок. Стрэлу не адбылося. З пісталетнага дула выскачыў стракаты сцяжок з яркім надпісам “BANG!”. Нікас ціха засмяяўся, а следам за ім засмяялася Света. Гэты момант з пісталетам таксама быў часткай іх гульні.

– Паслухай, малы, – прамаўляў фатограф да Казімірчыка. – Яна цябе яшчэ доўга павінна ўпрошваць? Павер мне, не многія жанчыны адважыліся б на падобную авантуру дзеля любімага чалавека. А ты ўсё не верыш і манежышся.

Хлопец упершыню за ўвесь час знаходжання на падворку ўсміхнуўся. Ён павярнуўся тварам да Светы і сказаў ёй:

– Маім адказам на тваю сціплую просьбу будзе: “Больш ніякай рэўнасці!”.
– Даўно б так, – адказала яна, засвяціўшыся чароўнай усмешкай.

Закаханыя, нарэшце, абняліся і пацалаваліся. Прысутныя ажно адарылі іх воплескамі і радаснымі воклічамі. Арцём, на секунду адарваўшыся ад сваёй дзяўчыны, спытаў у Аксаны:

– Дык, а хто тую сторублёўку ўсё ж скраў?
– Самы час для такіх пытанняў, – падшпіліў юнака настаўнік.
– Ды ніхто яе не краў, – аспірантка з ахвотай узялася за тлумачэнне. – Гаспадар сам пераклаў яе ў іншае месца, а потым забыўся. Падняў шум на палову горада. А калі знайшоў, то нікому прызнавацца не стаў. Пасаромеўся.
– Добра, што Света не пасаромелася прызнацца, – усцешана заўважыў хлопец. – А то яшчэ сто гадоў да разгадкі я не дацягнуў бы.
– Дацягнуў бы з боскай дапамогаю і сілай кахання, – адказала яму на гэта дзяўчына.

Новыя воплескі прысутных не змусілі сябе доўга чакаць.

Сяргей Балахонаў,  г. Гомель, лета 2013 г.

Фота: avivas.ruswimswam.comwallpaperscraft.rugoals.bycntraveller.ru24gadget.runaver.net,
uzla.infosgshow.ru