Першы банкамат быў усталяваны сёння пры паштовым будынку вёскі Мажджаліна. Свята першага банкамата атрымалася ўдвая прыемным па прычыне незвычайнасці гэтага агрэгату. Рэч у тым, што да Мажджаліны дайшла найноўшая мадэль банкамата двайнога прызначэння.
Акрамя таго, што банкамат выдае ўладальнікам банкаўскіх картак наяўныя папяровыя грошы, ён яшчэ можа і наліць тым газіроўкі, квасу, а ў халодную пару году – каву ці гарбату (чай). І ўсё дзякуючы ўнікальнаму механізму, які распрацавалі беларускія навукоўцы пад кіраўніцтвам акадэміка Рамана Якубавіча Солтыса-Смаргонскага, які нягледзячы на прозвішча, мае мажджалінскія карані. Унікальнасць распрацоўкі заключаецца ў тым, што і грошы, і чарачкі з напоямі банкамат выдае з адной адтуліны. Вяскоўцы, якія паспелі выпрабаваць агрэгат, у захапленні.

Кладаўшчыца з мехдвара Івона Кантыцкая ўпадабала газіроўку, якую выдае банкамат
Пакуль банкаўскія карткі атрымалі толькі працаўнікі мехдвара. Акурат яны і выказалі свае заўвагі. «У прынцыпе ўсе добра. Але хацелася б, каб асартымент напіткаў быў больш разнастайным. Чаму б не рэалізоўваць такім чынам наш знакаміты натурпрадукт ці тую вадкасць, якую вырабляе тутэйшы вінзавод?» – выражае меркаванне ладнай часткі мехдвораўцаў трактарыст Інгвар Тодравіч Збэйсаў.
Як нам стала вядома, механізатары падрыхтавалі адпаведны запыт у вышэйшыя інстанцыі. Яны просяць, каб месца каля банкамата афіцыйна было прызнана тэрыторыяй, спецыяльна адведзенай пад спажыванне алкагольных і слабаалкагольных напояў. Праўда, у гэтай ідэі ёсць нямала праціўнікаў, уключаючы, напрыклад, увесь педкалектыў тутэйшай школы. Разам з вучнямі каля пошты яны ўжо правялі стыхійны пікет пад лозунгам: «Ліманад у банкамат! Прэч віно і іншы яд!».
Застаецца толькі цешыцца, што вучням з іх настаўнікамі яшчэ хапіла часу і для таго, каб паўдзельнічаць у конкурсе творчых работ «Мои земляки – моя гордость» з работай пра хецкага цара Супілуліуму І.