
Мажджлінскі генератар навін пасля рамонту
Яшчэ 27 кастрычніка жыхары вёскі Мажджаліна адчулі нядобрае. Рэч у тым, што ў вёсцы раптоўна перастала што-небудзь адбывацца. Для вёскі з яе заўсёднымі сенсацыйнымі падзеямі гэта быў нонсэнс.
Але ніхто з вяскоўцаў не паварушыў пальцам, каб высветліць прычыны няладнага становішча. Не з гультайства, а толькі таму, што гэта магло б само па сабе стаць падзеяй, а падзеі ў вёсцы перасталі адбывацца. Гэтае замкнутае і вельмі заганнае кола нельга было разарваць амаль палову месяца.
Толькі ўмяшанне маладых спецыялістаў, якія на тры месяцы спазніліся да месца размеркавання, парушыла такі стан рэчаў. Менавіта яны – Лёлік Болекаў, Болек Лёлікаў і Іван Мартышкін – адшукалі ў адным з ангараў мажджалінскага мехдвара сапсаваны дызельны генератар навін. Яны не ведалі, што гэта такое, як яно апынулася ў ангары, і чаму на ім стаяў камбайн «Holland» ды пустая пляшка ад гарэлкі «Питейный вестник».

Адзін з маладых спецыялістаў. Няважна хто, бо ўсе трое выглядаюць аднолькава
Аднак нягледзячы на гэтую няпэўнасць і невядомасць, маладыя спецыялісты паказалі, што яны з’яўляюцца майстрамі на ўсе рукі. Яны адрамантавалі генератар навін і ўдала запусцілі яго ўранні 9 лістапада.
З гэтага часу ў Мажджаліне зноў пачалі адбывацца падзеі, вяскоўцы змаглі добра паварушыць пальцамі і згуляць у беларускую народную гульню на свежым паветры «Манаполія». Калі надышлі прыцемкі (тутэйшы аналаг Twilight), у ангар прыбыў таемны гаспадар генератара і знік з ім у невядомым напрамку.
Застаецца толькі цешыцца, што адбыванне падзеяў працягваецца. Нездарма за вокнамі нашай рэдакцыі мужчыны дружна зацягваюць: «Show must go on!» (з палескім пранонсам, між іншым).