
Адзін з ананімных арганізатараў
19 лістапада ў вёсцы Мажджаліна сярод школьнікаў розных узроставых і вагавых катэгорый адбудзецца незвычайная алімпіяда. Хлопчыкі і дзяўчынкі будуць разбіраць і збіраць на хуткасць шарыкавыя ручкі розных мадыфікацыяў.
Конкурсных варыянтаў даволі шмат: ад разборкі і зборкі з завязанымі вачыма да зборкі і разборкі падчас адціскання ад падлогі ці ўздыманню на канаце. Адбою ад ахвочых няма.
Арганізатары, у ролі якіх выступілі ананімныя добразычліўцы, забяспечылі школу ладным запасам ручак – як для алімпіядных конкурсаў, так і для падарункаў пераможцам. Цікава, што пры гэтым яны паставілі ўмову не называць шарыкавыя ручкі асадкамі ці самапіскамі. Мажджалінцы такіх словаў не ўжываюць, таму адразу пагадзіліся.
Заўтрашні дзень пакажа, хто з тутэйшых школьнікаў самы спрытны ў нялёгкім, але дужа цікавым спаборніцтве. Застаецца толькі цешыцца, што культурнае жыццё нашай вёскі б’е добрым такім ключом.