Маргарыта Аляшкевіч. Пакаленне BY. Беларуская літаратура ў інтэрнэце


Інтэрнэт дае чалавеку безліч карысных магчымасцей, між якімі і магчымасць пазнаёміцца з сучаснай беларускай літаратурай, пачытаць класікаў, без доўгіх пошукаў набыць кнігу ўлюбёнага аўтара. Пры гэтым нават дасведчаны карыстальнік Інтэрнэту можа быць сталым наведвальнікам пэўнага літаратурнага сайта ці блога, але не ведаць якога-небудзь вельмі карыснага адраса… Маргарыта Аляшкевіч прапануе спіс спасылак на самыя папулярныя рэсурсы, якія камусьці будуць за навіну і, магчыма, стануць чарговай добрай знаходкай. Такі карысны артыкул з “ЛіМа” варта выразаць і захаваць!

Літсупольнасць
Беларуская літаратура ў інтэрнэце — гэта шмат магчымасцей прыемна прабавіць час, знайсці суразмоўцаў, прыдбаць усялякія прыкольныя рэчы і выявіць сябе. Куды ісці найперш, дзе, за што і што за смакоцце даюць — разбіраемся разам.

Для аматараў літаратуры карыснымі будуць тутэйшыя тэматычныя групы, напрыклад, “у кантакце” можна наведаць суполку “Сучасная беларуская літаратура”. Сённяшнія літаратары — людзі вясёлыя ды неспакойныя, то вечарыну зладзяць — і вы можаце яе наведаць, то праект нейкі запусцяць — і вы можаце ў ім паўдзельнічаць, то з крытыкамі пачнуць заядацца — і вы можаце падтрымаць ці пісьменніка, ці крытыка… Таксама вартыя ўвагі суполкі, прысвечаныя асобным творцам, мне асабіста імпануюць гэтыя дзве: “Я ♥ дзядзьку Караткевіча” (тут гуртуецца каля 1200 чалавек), і больш камерная “Максіма Багдановіча”, якую вядзе паэтка Валярына Кустава.

Пакаленне BY. Беларуская літаратура ў інтэрнэце

Падобныя групоўкі ёсць і ў блогасферы. Блогасфера — гэта супольнасць сеткавых дзённікаў (блогаў) і іх аўтараў (блогераў), а таксама блогі і іх узаемасувязі. Літаратараў у нас шмат, літаратараў-блогераў — каля 70, а вось папулярнымі блогамі могуць пахваліцца адзінкі, пра іх гаворка будзе ніжэй. Сярод суполак наведайце наступныя:

lit_krytyka — тут прадстаўленыя сучасная літаратурная крытыка, літаратурная журналістыка, літаратуразнаўства, кніжныя агляды;
by_litara — Беларускае літаратурнае кам’юніці, якое таксама выглядае досыць мазаічна.

Пакорпаўшыся там, можна выйсці шмат на якія калялітаратурныя рэсурсы.

Правобразам гэтых суполак і піянерам нашай літаратурнай інтэрнэт-прасторы з’яўляецца litara.net, што абяцае распавесці літаральна ўсё пра сучасную беларускую літаратуру. Тут знойдзеце: навіны сучаснага літаратурнага жыцця; рэцэнзіі, інтэрв’ю, тэарэтычныя матэрыялы; афішу культурных падзей; каталог беларускіх выданняў, выдавецтваў і персаналій беларускай літаратуры.

by

Сярод кірылічных літаратурных груповак самай масавай, па меркаванні Яндэкса , з’яўляецца “Книжный бум”. Суполка вядзецца на рускай мове, абмяркоўваюцца тут кнігі з усяго свету. Прываблівае менавіта шырыня ахопу і размаітасць ацэнак — тут кожны знойдзе сабе сяброў па розуме.

Як прайсці ў бібліятэку
Людзі мінулага веку любілі бавіць час у бібліятэках, сярод пыльных фаліянтаў і зялёных абажураў…

Сёння можна далучацца да сусветнай інфармацыйнай прасторы не выходзячы з дому — праз электронныя бібліятэкі.

Адна з найбуйнейшых па беларускай літаратуры — kamunikat.org,  Беларуская інтэрнэт-бібліятэка, якая існуе з 2000 года. На працягу дзесяцігоддзя “Камунікат” змяняўся, а колькасць матэрыялу, даступнага на сайце, усё павялічвалася. У верасні 2007 года рэсурс канчаткова аформіўся як цалкам прафесійны сайт з каталогам, пошукавай сістэмай, падпіскай на абнаўленні (RSS), топ-спісам выданняў і шмат чым яшчэ. Змешчаныя тут кнігі, часопісы ці артыкулы абавязкова датычацца Беларусі, напісаныя па-беларуску, нейкім чынам закранаюць беларускую тэматыку. Цяпер “Камунікат” — гэта не толькі збор адсканаваных выданняў і не толькі самая багатая калекцыя перыёдыкі з усіх, што мне асабіста трапляліся. Тут таксама знойдзеце: штодзённыя размовы пра беларускую літаратуру і культуру з эфіру нашага радыёвяшчання; інфармацыю пра навінкі беларускага выдавецкага рынку, пералік і біяграфіі беларускіх аўтараў — паэтаў, празаікаў, гісторыкаў, публіцыстаў.

Яшчэ адна зручнасць: на “Камунікаце” пачалі з’яўляцца кнігі ў фармаце ePub, які ўспрымаюць прылады для чытання электронных кніг.

Калі вы не знайшлі чагосьці на Камунікаце, раю зазірнуць на knihi.com — гэта “Беларуская Палічка” (Беларуская электронная бібліятэка) са зручнай навігацыяй. У адрозненне ад “Камуніката”, тут вам не трэба скачваць усю кнігу цалкам у pdf — можна чытаць асобныя творы ў звычайных тэкставых фарматах.

На bellib.net (BELARUSIAN eBOOKS LIBRARY) знойдзеце беларускую літаратуру ў замежных перакладах і замежную літаратуру ў перакладах на беларускую мову. Дарэчы, ёсць у сеціве і адмысловы перакладніцкі рэсурс – prajdzisvet.org, дзе перакладаюць не толькі пісьменнікаў-класікаў, але і нашых з вамі сучаснікаў з усяго свету.

Праблема многіх інтэрнэт-бібліятэк — гэта памылкі. Так, напрыклад, папулярная “Знічка” прапануе творы і біяграфіі беларускіх аўтараў, але ператварае Брыля ў “Бряля”, а ягоныя “Ніжнія” Байдуны ў “іхныя”…

Шопінг для гультаёў
Люблю папяровыя кнігі. Пах друкарскай фарбы, мяккі дотык паперы, шапаценне старонак… Але ўсё часцей замаўляю розныя выданні праз Інтэрнэт. Па-першае, гэта эканоміць час: куды прасцей увесці ў пошук імя аўтара ці назву кнігі і адразу патрапіць на патрэбнае выданне, чым лазіць па ўсіх паліцах кнігарні, а то яшчэ ездзіць па розных крамах горада, ганяючыся за рэдкай кніжыцай. Па-другое, яшчэ і грошай зберагу: у інтэрнэт-краме кошты, зазвычай, ніжэйшыя, чым у не-віртуальных крамах.

Сярод маіх улюбёных месцаў інтэрнэт-шопінгу — prastora.by. Крама спецыялізуецца на беларускай літаратуры, пры гэтым сярод тавараў вы знойдзеце кнігі, аўдыёкнігі, музыку, відэа і загадкавае Іншае. Свае замовы, зробленыя праз сайт або па тэлефоне, можна самастойна забраць у цэнтры Мінска або замовіць дастаўку поштай у любы рэгіён краіны.

Тое самае на oz.by, аднак тут вам прапаноўваецца не толькі і не столькі беларуская кніга. Затое можна плаціць за ўпадабаны твор самымі рознымі спосабамі: ад традыцыйнага разліку на пошце да EasyPay і наяўных грошай, калі вы забіраеце пакупку самі.

Інтэрнэт-крама vilka.by (Студыя кніг і аксесуараў “Відэлец”) прываблівае дызайнам. Калі адкрываеце старонку, вас вітаюць смешныя пластылінавыя чалавечкі, у якіх можна пазнаць класікаў літаратуры. Гэта вельмі душэўны сайт, прапануе кнігі, аксесуары для іх — вокладкі, падстаўкі і падобнае. Праўда, каб замаўляць кніжкі, дыскі і ўсялякія файныя штукі, трэба зарэгістравацца. Затое можна пачувацца ўдзельнікам закрытага (а значыць, элітнага) клуба.

Сучасная беларуская літаратура

Асабістая справа, асабістая злева
Біяграфіі творцаў часам даюць ключ да разумення іх твораў. Часам, канечне, і не даюць, але ўсё адно цікава пачытаць.

Найбольш поўны пералік літаратараў — на ўжо знаёмым нам “Камунікаце” — больш як 150 асоб! Націснуўшы на банер кожнага аўтара, атрымліваем яго біяграфію і спіс кніг, даступных праз гэтую бібліятэку. Такім чынам можна сцягнуць сабе ці не поўны збор твораў Васіля Быкава. Праўда, акцэнт тут на сучасных аўтараў, так што творы Францыска Скарыны давядзецца пашукаць асобна.

Існуюць і асабістыя сайты літаратараў. Узорнай тут будзе старонка Уладзіміра Караткевіча. Рэсурс нездарма адзначылі на Рэспубліканскім конкурсе адукацыйных сайтаў адразу ў дзвюх намінацыях — тут і біяграфія, прытым у некалькіх варыянтах, і бібліятэка (побач з творамі на беларускай і рускай мовах ёсць пераклады на іншыя мовы свету, прадстаўленыя мастацкія творы, публіцыстыка, дзённікавыя запісы і лісты; а яшчэ можна зайсці ў рубрыку “архіў” і скачаць усё гэта ў кампактным архіве). І галерэя маецца (фотаздымкі + ілюстрацыі да кніг), і крытычныя артыкулы пра творы Караткевіча, а таксама інфармацыя пра яго музей і шмат чаго яшчэ. А на сайце Васіля Быкава bykau.com, апроч падобных карысных рэчаў, ёсць інтэрв’ю ў фармаце mp3 — можна пачуць голас аднаго з самых знакамітых пісьменнікаў краіны.

Не такія багатыя, але ўсё адно карысныя рэсурсы:

• асабістыя старонкі творцаў, прапісаныя ў межах Нацыянальнага паэтычнага парталу: mihaszarecki.ru, yakubkolas.ru ды інш.; не самая зручная навігацыя, не самыя поўныя зборы тэкстаў, але хоць нешта;
marakou.by — сайт даследчыка рэпрэсаванай літаратуры Леаніда Маракова;
belkabinet.by — віртуальны кабінет беларускай мовы і літаратуры, ёсць добрыя падказкі для вучняў і настаўнікаў;
vershy.ru — нацыянальны паэтычны партал, адсюль знойдзеце выхад на розныя літаратурныя старонкі; апроч ужо згаданых асабістых сайтаў літаратараў можна наведаць тэматычныя падраздзяленні паэзіі: напрыклад, вершы пра каханне — moykahany.ru, а ёсць і вершы пра Чарнобыль, і пра беларускую чыгунку;
• віртуальныя музеі: Іван Мележ, Іван Шамякін; Андрэй Макаёнак, Іван Навуменка, Барыс Сачанка.

Сайты сучасных літаратараў адрозніваюцца па афармленні і напаўненні. Сайт пісьменніка Сяргея Балахонава — адзін з самых папулярных беларускамоўных рэсурсаў у Сеціве: balachonau.puls.by. Дарэчы, сцягнуць і прачытаць творы Сяргея Балахонава там таксама можна.

А яшчэ літаратары вядуць блогі. Журналіст Ася Паплаўская неяк спрабавала падлічыць, у яе атрымалася каля 80 літаратарскіх блогаў (глядзі тут).

Крытык і выкладчык Лада Алейнік спрабавала асэнсаваць ролю пісьменніцкіх блогаў у літаратурнай прасторы (чытай “ЛіМ” за 27 лістапада 2009 года ці шукай у блогу ўсё той жа Асі Паплаўскай), і яе высновы такія: “прастора livejournal — неабсяжная, а магчымасці тут — велізарныя, і выкарыстаць іх можна вельмі канструктыўна”. Добрых знаходак!

lim.by, жнівень 2011 г.

Падборка ілюстрацый: mazdzalina.org. Малюнкі з сайтаў: ziredoffa.livejournal.com, bjdclub.ru.