
Заўтра ў Гомелі свята. Сёння ўдзячныя школьніцы робяць манікюр і педыкюр, выскубаюць густыя дзявочыя бровы ў гнуткія лініі, адмакаюць у ваннах з марской соллю, зафарбоўваюць сівізну на скронях (у сучасных дзяцей цяжкае дзяцінства), каб заўтра… заўтра! упрыгожыць касічкі яркімі стужкамі і, бянтэжачы мінакоў каляровымі панчошкамі, пабегчы ў школу.
Хлопцы адпрасуюць гарнітуры, зменяць шкарпэткі, падбяруць аптымістычныя гальштукі. Выпаліўшы за вуглом школы ранішнюю цыгарэтку і зажаваўшы яе “орбітам”, яны урачыстым, упэўненым крокам увойдуць у школу па самы кабінет гісторыі.
Пажылыя жанчыны (гэта тыя, каму за 17 гадоў) правядуць пакутлівую раніцу перад люстэркам (о-у-ы – для прафілактыкі двайнога падбароддзя і г.д.). Дарослыя мужчыны паголяцца да бляску.
Заўтра ўсё будзе дасканалым… Проста чысты чацвер. А вы што падумалі? Што народзіны ў Сяргея Аляксандравіча Балахонава? Першае другому не замінае.
Аксана Бязлепкіна, персанальны блог, 23 красавіка 2008 г.
Выявы: Аксана Бязлепкіна