Аднарогі Беларусі


Улетку 1928 г., падчас раскопак гарадзішча Банцараўшчына у ваколіцах Менску, археоляг Сяргей Дубінскі між іншага выявіў рог даўжынёю 1,9 м. Знаходка тады была ідэнтыфікаваная як рог валдайскае казы й здадзеная у архіў. У 1935 г. прыбіралъшчыца, выводзячы мыш’яком (As) архіўных пацукоў, выпадкова сыпнула крыху атруты на рог. Той нечакана зьмяніў колер, зрабіўшыся з шэрага бледнаружовым. Тэрмінова выкліканы Дубінскі адразу зразумеў, што мае справу з рогам не валдайскай казы, але аднарога – вымерлай траваяднай непарнакапытнай жывёліны, чый лобавы рагавы нараст мог, паводле сярэднявечных крыніцаў, зьмяняць колер пад узьдзеяныіем атрутных рэчываў. Аднак археоляг ясна здаваў сабе справу з таго, што бальшавіцкая ўлада, якая адмаўляе Бога, будзе адмаўляць і аднарога. Адкрыцьцё Дубінскага абмяркоўвалася у навуковых колах БССР кулюарна, паўшэптам. А ў 1937 г. ён быў арыштаваны й расстраляны як польскі шпіён, бо меў сваякоў у Заходняй Беларусі. Рог праходзіў па справе у якасьці рэчавага доказу, а пасьля зьнік у спэцсховах, як мноства іншых рэліквіяў беларускага народу.

Наша сёньняшняя навука, згодна з савецкай традыцыяй, упарта заплюшчвае вочы на шматлікія пацьверджаньні існаваньня аднарогаў. Таму й фігуруе гэтая жывёліна ў энцыкляпэдыях прыдуманых і звышнатуральных істотаў. Тым часам першыя згадкі пра аднарога сустракаюцца у гімнах “Атхагва Веды” – там ён зваўся аднарогай антылёпай, хоць насамрэч быў больш падобны да статнага белага каня з доўгім рогам у лобе. Аднарогаў згадвалі Ктэсіюс, Плініюс, грэцкі “Фізыёляг” ды іншыя крыніцы. Алегорыі, зьвязаныя з гэтай жывёлінай, сустракаюцца ў Бібліі. Апісаньні аднарога ва ўсіх гэтых крыніцах розьняцца, бо мала хто меў шчасьце бачыць яго.

На тэрыторыі Беларусі аднарогі зьявіліся недзе ў сярэдзіне мэзаліту. У часы Полацкага княства яны былі неад’емнай часткай беларускае фаўны. На так званай Равэнсбурзкай мапе сьвету (Нямеччына, ХІІІ ст.), нобач з гарадамі Poloscko (Полацак), Vidupsko (Віцебск) ды неідэнтыфікаваным тапонімам Scimelne (Смаленск? Шуміліна?!), намаляваныя лось, зубр і аднарог, якія сымбалізуюць тагачасны жывёльны сьвет нашае зямлі. Пра існаваньне аднарогаў сьведчыць і выяўлены у Навасібірску ўрывак з пратографу Радзівілаўскага летапісу, у якім гісторыя пра паланеньне Ўсяслава Чарадзея і яго наступнае княжаньне у Кіеве крыху розьніцца ад традыцыйнай вэрсіі. Так, у агульнавядомым сьпісе ўсё скачаецца тым, што “…приде Белугороду Всеслав… утаився кыян бежа к Полотьску”. У знойдзеным жа дакумэнце ўдакладняецца: “инорогом бежа к Полотьску”. Усяслава не дарэмна клікалі Чарадзеем: аднарога, паводле сярэднявечных уяўленьняў, мог закілзаць толькі чалавек звышнатуральнае сілы, з экстрасэнсорнымі здольнасьцямі.

Таму аднарогаў рэдка прыручалі, часьцей на іх проста палявалі У Сярэднявеччы лічылася, што злавіць аднарога можна толькі адным спосабам: “панну цнатлівую прывесьці ў лес, абы зьвер, усчуўшы пах ейнай беспахібнасьці, зызволіў прыйсьці голаў свой пакласьці ёй на ўлоньне, аддаючыся у цянёты лоўчых”. Пасьля паходу на полацкія землі (1084 г.), кіеўскі князь Уладзімер Манамах пісаў: “И на осень идохом с черниговци и с половци, с читьевичи к Меньску: изъехахом город, и не оставихом у него ни челедина, ни скотины, там то ж убихом трех инорогов” (гл. праўдзівы сьпіс “Павучаньняў Манамаха”). Якім чынам князь упаляваў іх – не паведамляецца. Відаць у палоне, які ён вёў у Кіеў, былі цнатлівыя дзяўчаты, што сталіся прынадаю. У няволі зьвер хутка паміраў, сьпяваючы перад сконам надта жаласную песьню.

Беларусаў заўжды ўражвала нечаканасьць, зь якой аднарог зьяўляўся, і хуткасьць ягоных перамяшчэньняў. Ня дзіва, што ён лічыўся гаспадаром беларускіх нетраў, якому вядомыя таемныя падзямельныя шляхі:

У нас індрык-зьвер усім зьвяром айцец.
А чаму індрык-зьвер усім зьвяром айцец?
Ходзіць ён па падзямельлі,
Прачышчаець руч’і да праточыны:
Куды зьвер пойдзець,
Там вада бруіць.

Гэтыя радкі ўзятыя з архаічнага народнага верша, занатаванага у сярэдзіне ХІХ ст. на Магілёўшчыне Фэрдынандам Онкельбартам.

Беларускі зміграцыйны дасьледчык К.Рывіч, із спасылкаю на А. Віюка-Каяловіча (XVІI ст.) даводзіў, што герб “Пагоня” на мяжы XIII–XІV ст. меў варыянт, на якім замест каня быў аднарог. Увогуле, у беларускай геральдыцы гэты вобраз быў распаўсюджаны вельмі шырока. Герб зь ягонай выяваю (“Боньча”) мелі 40 шляхецкіх фаміліяў ВКЛ, сярод якіх Асмалоўскія, Букоўскія, Булаты, Грахоўскія, Куніцкія, Раманоўскія, Шушкевічы, Яблонскія…

Ян Хрызастом Адынец (верагодна, сваяк філямата Антона Эдварда Адынца) да свайго артыкулу, прысьвечанага жывёльнаму сьвету ВКЛ, прытачыў колькі цьтатаў зь неапублікаванай на той час (1815) “Кронікі Быхаўца”. Між іх ёсьць і такая (кірылічная інтэрпрэтацыя): “…дубровы роскошны і размаітае ужытосьці напоўненых, ва зьвярох рожнага рожаю, то ест найпервей тураў, зуброў, ядзінарогаў, лосей, оленей, сарн, рысей, куніц, лісіц, белок, гарнастаеў і інных размаітых рожаеў”. 3 усіх публікацыяў “Кронікі” згадкі пра аднарогаў былі выкінутыя.

Паляваньне на аднарога бязь ведамай прынады было вельмі небясьпечным для жыцьця паляўнічага. Таму рэлігійны дзеяч ВКЛ Рыгор Цамблак пра кожную безвыходную сытуацыю гаварыў: “Toe чынити, яко без девы еднорожца ловити – реч слиозная и крвавая”. Між тым, існавалі яшчэ па меншай меры чатыры спосабы паляваньня на гэтага зьвера. Мікола Гусоўскі падрабязна апісаў кожны зь іх у сваей невядомай паэме “Сьпеў пра аднарога”, рукапіс якой захоўвася у бібліятэцы Ватыкану да 1942 г., а потым бясьсьледна зьнік. Мяркуючы па бібліяграфічным апісаньні, паэма апавядала пра княжаньне Сьвідрыгайлы і грамадзянскую вайну ў ВКЛ сярэдзіны XV ст.

Апісаньне ж дзікага паляваньня на аднарога знаходзім у “Дыярыюшы” менскага пісара Гаўрылы Асташковіча (канец ХVІ ст.). Напісаны па-старабеларуску арыгінал страчаны, захаваўся толькі пераклад на ідыш, зроблены невядомым рупліўцам зь менскае сынагогі. Апублікаваны ён быў у паўцыркулярных “Дополнениях к еврейскому архиву” (1896, Т.24, отд. 11). Зьвернемся да цікавага нам эпізоду дыярыюшу ад 4 лістапада 1582 г.: “Мы адправілі напярэдадні віжоў, якія далажылі дакладна, у якіх гушчарах бавіцца той зьвер. Назаўтра мы рушылі да той мясьціны, абы ўзяць аднарога у аблогу. Сяляне з траскаталкамі й бразгаталкамі йшлі. Мноства чаляднікаў зь сеткамі, а мы – бальшынёю конна – із стрэльбамі. Ніхто не хаваў жаданьня забіць зьвера дзеля яго чароўнага рога. Неўзабаве ён завіднеўся яўне пераляканы й мітусьлівы, кідаўся прэч, але натыркаўся на чаляднікаў зь цянётамі й каламі. Хтосьці зь іх накінуў-такі на зьвера сетку. А мы, узрушаныя й захопленыя азартам, стрэлілі супольна. Зьвер стаў шалёна трапятацца, чапляючы на рог усіх, хто апынаўся побач, і так уцячы імкнуўся, чаго мы ніяк прызволіць не маглі. Для таго, паўтарыўшы стрэлы, зьмярцьвілі зьвера адчайнага. Толькі трудна сказаць, ці займелі мы з таго радасьці”.

У актавых кнігах “замку госпадарскаго Пинскаго” ёсьць дакумэнт, датаваны лютым 1624 г, у якім возны пінскага павету Павал Высоцкі скардзіўся на Крыштофа Быкоўскага, арандатара земляў князя Юр’я Чартарыйскага за сваволю, “Быковский той кгвалтомоцью на имене его наехал а узял дочку его, якая стан девичский мевала, а то для таго, жебы инорожца на землях пана Высоцкаго побити”. Дакумэнт быў апублікаваны у 1899 г. зь відавочнай памылкай: заміж “инорожца” надрукавана “инородца”.

У часе Паўночнае вайны (1700–1721) беларускія аднарогі нападалі на расейскіх і швэдзкіх жаўнераў. Сканчалася гэта летальна для чужаземнікаў. Сьмерці, зазвычай, тлумачыліся алькагольным атручаньнем, бо сьмяротна параненыя трызьнілі пра “белого пронзающего коня” (расейцы) ды пра “Одына на фінскім алені” (швэды). Магнацкія групоўкі ды іхныя ачольнікі не зважалі на патрыятычныя ўчынкі незвычайных жывёлаў і пасьля вайны працягвалі паляваць на іх. Так, Геранім Флярыян Радзівіл у сваіх нататках згадаў пра адметны паляўнічы трафей: “Аднарогавых рагоў два, колеру слановай косьці, натуральна наўскос закручных. Твораць рэч для вока цікавую, бо рог такой велічыні, што ёсьць адзін 100 цаляў, а другі 103 у даўжыню, гэтулькі тая шэльма несьці магла” (гл. “Спадчына”. 2000. №3. С.130).

Напярэдадні разбораў Рэчы Паспалітай беларускія аднарогі былі ужо практычна вынішчаныя. Апошняга замардавалі расейскія жаўнеры ўлетку 1863 г. Пра гэта паведамляюць “Мемуары об усмирении поляков в Западном крае” Паўла ды “Жменя ўспамінаў з 1863 г.” Марыі Цымэр. Трагедыя адбылася недалёка ад Баранавічаў у раёне вёсак Канькі і Федзюкі 25 чэрвеня (6 ліпеня). Расейскі афіцэр Шырвіндт прыгадваў: “Мы все имели возможность убедиться, что неподалёку действительно обитает некой дикой конь, коего местные русские селяне прозвали “аннорогом”. Описание оного животного совпадало с описанием лошади, на которой разъезжал возмутитель покоя в Западном крае Викентий Калиновский, разбрасывая подстрекательские листки на польском языке”. Расейцы згадалі даўнейшы спосаб паляваньня. “Мы собрали особую группу, которая обязывалась изыскать в окрестностях невинную девицу благородных кровей лет шестнадцати-осьмнадцати от роду, что вскоре, не без трудностей, было сделано”, – паведамляе Шырвіндт. Удзельніца паўстаньня Марыя Цымэр тыя пошукі апісала гэтак: “Маскалі шныпарылі па вёсках і вышуквалі цнатлівае паненкі. Ня знаючы іхных намераў, усе адказвалі адмоўна. Тады яны сталі папросту хапаць і гвалтаваць усіх дзеўчын ад 12 да 20 гадоў. У такі шайтанскі спосаб задаволілі свой інтарэс. Шукаючы адну, зганьбілі колькідзясят сумленных паненак”. Пад пагрозаю сьмерці была ўзятая сямнаццатка Віялета Трэмбачэўская і заведзеная ў мясьціну, дзе бачылі аднарога. “Рукі, ногі панны Віялеты былі крэпка эьвязаныя, – піша Цымэр. – Яна, сплаканая, сядзела пад векавым дубам і чакала на немавед што, бо так загадалі расейцы”. “Польчонка всё время хныкала и пыталась убежать. Однако наши благостные пожелания возымели должный эффект, и она преспокойно села под противною кривою литовскою сосной”, – адзначана у Шырвіндта. Салдаты стаіліся у схове. Зьвер ня змусіў сябе чакаць: “Раптоўна зь лесу паказаўся аднарог… Прыгожы і зіхотка белы зьвер крочыў цьвёрда й годна, хоць адчувалася, што ён гатовы скарыцца лёсу і Віялеце. Аднарог наблізіўся да паненкі і стаў перад ёю на калені. Тут яго маскалі і злавілі”. “Признаться, нам было немного стыдно, – у сваёй манэры цьвердзіць расейскі афіцэр, – худая сивая кляча с рогом во лбу появилась из перелеска, еле двигая ногами, а перед самой сосной споткнулась и упала наземь, едва не покалечив своим рогом польчонку”. У палоне аднарог пратрываў нядоўга, а паміраючы, гучна засьпяваў чалавечым голасам. “Песня была на западнорусском диалекте и многие обстоятельства содержания оной оказались тяжкими к уразумению, но в общем кляча пела о двух типах музыки увеселительной и грустной, отдавая предпочтение последнему”, – пісаў Шырвіндт. Усе выдае на тое, што тая апошняя песьня аднарога нам добра вядомая як “Мая дудка” Францішка Багушэвіча. Будучы паэт, паўстанец 1863-га, пераапрануты бязногім старцам, сачыў за перамяшчэньнем расейскіх войскаў. Зацікаўлены рухам у лягеры Шырвіндта, ён папоўз туды й здолеў праціснуцца да самае загарадкі, у якой канаў на гнілой саломе апошні беларускі аднарог. Ягоны разьвітальны сьпеў яшчэ болей умацаваў нацыянальную сьвядомасьць Багушэвіча. На адыход Францішак незаўважна падпаліў лягер з чатырох канцоў. Праз усе нягоды паўстаньня і доўгія гады выгнаньня пранёс Багушэвіч аднарогаву песьню. Надрукаваўшы яе, ён выклікаў чарговую хвалю беларускага адраджэньня зь Беларускай Сацыялістычнай Грамадой, “Нашай Нівай”, Максімам Багдановічам… Мы павінны належна ацаніць значнасьць апошняга беларускага аднарога і назваць у ягоны гонар адну з цэнтральных вуліцаў, а лепш плошчаў сталіцы.

Сяргей Балахонаў, Гомель, 2002 г.

Увага: тэкст напісаны паводле т.зв. класічнага правапісу (“тарашкевіца”).