А было тое ў Гомелі / rap, lo-fi


А было тое ў Гомелі
ў год вялікіх дажджоў.
Летапісцы запомнілі.
Люд забыўся ж ужо.

І адзін выбіваюся
з людскіх шэрагаў я –
ў пыльных шафах трымаю ўсё
і не знішчыў ніяк

асабістыя сведчанні
тых шматзначных падзей,
чым дагэтуль знявечаны
я маркотай штодзень,

з чым даўно мая мілая
паквіталася ў снах,
развітаўшыся з крыламі,
каб урэшце ачах

жар кахання няслушнага,
што гарэла агнём
пад дажджом, дзе мёд руж снаваў
наш няспешны псалом

пад басяцкія выкрыкі
ашалелых святош.
Метафізіка лірыкі.
Скаламучаны Сож.

І не зводзяцца вопісы
мной укладзеных спраў.
Колькі ў памяці корпаўся,
адпачынку не браў,

брыў праз снег, брыў па верасе,
ды адказ не знайшоў,
куды шчасце падзелася
ў год вялікіх дажджоў.

ліпень 2015 г.

Заўвага: скарыстаны безназоўны мінус JokerCrazyBeatz (2015) з суполкі бясплатных рэп-мінусоў vk.com/freeteam