
Ціхае сонца здымаецца
дзеля “Плэйбоя” на золку.
А дваццаць дзевяць спецназаўцаў
дружна танцуюць польку.
Міша і Маша кахаюцца
дзесь між Венерай і Марсам.
А дваццаць дзевяць спецназаўцаў
дружна танцуюць вальсы.
Прафесар бутэлькі зракаецца,
з’ездзіўшы поначы ў Рыгу.
А дваццаць дзевяць спецназаўцаў
дружна танцуюць джыгу.
Мілы курсант брудна лаецца,
зблытаўшы хоку і танка.
А дваццаць дзевяць спецназаўцаў
дружна танцуюць танга.
Мне адпачыць не здараецца
трошкі на ўлонні Марылі.
А дваццаць дзевяць спецназаўцаў
дружна танцуюць кадрылі.
Лола прыветна ўсміхаецца,
кветкі ірве да атакі.
А дваццаць дзевяць спецназаўцаў
дружна танцуюць сіртакі.
Сяргей Балахонаў, 23 сакавіка 2011 г.