Сямнаццаты патрон


Шаталава… Сямнаццаты патрон
пакуль яшчэ з патроннікам фліртуе,
а п’яны красавік сваіх варон
збірае, каб адвезці на крутую
начную дыскатэку праз раён,
дзе Рэм і Ромул плакалі ваўкамі,
дзе між рэйхстага спісаных калон
тры гейшы ўслалі ядзерны татамі.
Асфальт і лёд. Гарэлка і вада.
І красавік на “Хамэры” імчыцца,
каб не было пакутліва шкада
без паліва не ўбачыць навальніцы,
схаваўшыся за чорнага ката,
што танчыць джыгу ля абменных пунктаў
і лічыць, што ўвесь тыдзень серада,
і служыць у правайдэраў ад’юнктам.
Кіно і майя абяцаюць жаль.
Поп-зоркі абяцаюць шмат ванілі.
І ты, і я забыліся амаль,
калі апошні раз нам не манілі.
Ілюзіі ўслюнявілі крышталь.
Ілюзіі размазалі памаду.
А п’яны красавік імчыць на баль,
як нехта паспяшаў на барыкады.

Сяргей Балахонаў, 6.04.2011 г.

Аўтар фота: Варвара Карачун