
А граніца жыве сваім загадкавым жыццём
30-цігадовая жыхарка вёскі Мажджаліна Карэчыцкага раёна Гомельскай вобласці Юстыся Пятроўна Кітаўрасенка была затрымана беларускімі мытнікамі ў прапускным пункце Лютая Пакута, што на мяжы з Украінай. У час мытнага агляду пільныя службоўцы выявілі ў яе багажы пакуначак з невядомым рэчывам.
Аператыўная экспертыза па методыцы доктара Лізь-Мызева высветліла, што Юстыся спрабавала ўвезці ў нашу краіну 130 міліграмаў сумлення. Жанчына паспяшалася запэўніць мытныя і следчыя органы ў тым, што вязла сумленне для ўласнага карыстання, а не для камерцыйнага пашырэння.
«Так набрыдла, што мне ў вочы кажуць: “У цябе няма ні стыда, ні совесці”, дык я і вырашыла трошкі прывезці той совесці, каб нашы лішняга языкамі не часалі», – заявіла яна. Следчыя органы ўжо задаліся пытаннем, якімі каналамі сумленне магло апынуцца ва Ўкраіне і, галоўнае, навошта.
Паколькі афіцыйнай забароны на ўвоз сумлення на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь няма, то лёс Юстысі Пятроўны будзе вырашацца паводле старажытнага звычаёвага права. Для гэтага ва ўсе канцы краіны адправілі маладых спецыялістаў з мэтай адшукаць пракаветных старцаў, які я б добра зналіся ў старажытных няпісаных законах.
Застаецца толькі цешыцца, што гэтае здарэнне падагрэла інтарэс да гісторыі дзяржавы і права Беларусі па-за рамкамі адпаведных лекцыйных курсаў.